Адкрыццё выстаўкі "Новае жыццё старых рамёстваў"

4 верасня ў ДУА «Сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай г. Полацка» адкрылася выстава «Новае жыццё старых рамёстваў» пры падтрымцы праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ENI-LLB-1-216 «Новае жыццё старых рамёстваў» у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь 2014-2020 гг., пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.
На выставе ўпершыню прадстаўлены прадметы са збору НПГКМЗ, створаныя як рамеснікамі пачатку ХХ стагоддзя, так і нашымі сучаснікамі.
На адкрыцці выставы загадчыца Музея ткацтва Аксана Васільеўна Козел падзякавала адміністрацыі школы за цёплы прыём, адзначыла асноўныя мэты і задачы праекта, падкрэсліўшы своеасаблівасць гісторыка-культурнай спадчыны Паазер'я пры наяўнасці агульных рысаў у матэрыяльнай і духоўнай культуры Латвіі і Беларусі, звярнула ўвагу на ўнікальныя музейныя экспанаты, прадстаўленыя на выставе, а таксама на сучасныя дэкаратыўна-прыкладныя вырабы майстроў.
Традыцыйная матэрыяльная культура Полаччыны дайшла да нашага часу, страціўшы ўтылітарнасць, але засталася чымсьці каштоўным, запаветным. За апошнія дзесяцігоддзі былі згубленыя традыцыі рамесніцтва, але сёння многія рамёствы адраджаюцца зноўку па дакументальных крыніцах і ўспамінах старажылаў.
Слова было дадзена таксама захавальніку калекцыі прадметаў побыту аддзела фондаў НПГКМЗ Алене Васільеўне Ходзікавай, якая распавяла аб фарміраванні ўнікальнай калекцыі. Яна адзначыла, што кожная рэч – гэта твор мастацтва. Чалавек заўжды стараўся зрабіць яе не проста зручнай, але і прыгожай.
У заканчэнне сустрэчы адбыўся дэбют Ціхана Зінкевіча – удзельніка фальклорнага калектыву «Варган». Ён выканаў традыцыйныя песні Паазер'я пад колавую ліру, якая стане ўнікальным прадметам у зборы НПГКМЗ.

Гэтая публікацыя была падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Яе змест з'яўляецца выключнай адказнасцю Навукова-даследчай і асветніцкай установы культуры «Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік» і не з'яўляецца адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.

#latvialithuaniabelarus#lvltby

995