30-годдзе Музея беларускага кнігадрукавання

8 верасня Музей беларускага кнігадрукавання адзначыў сваё 30-годдзе. З віншаваннямі сюды зазірнулі шматлікія госці, сярод якіх былі ў тым ліку начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Падгурскі і старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Марковіч. Не абмінулі ўвагай нашу ўстанову і калегі-музейшчыкі: дырэктары Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская і Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова Ірына Шышкова павіншавалі музей са святам.

Самым чаканым і дарагім госцем стала першая загадчыца музея, стваральніца яго навуковай канцэпцыі – сэнсу і логікі музея – Галіна Ладзісава, якая зараз узначальвае Музей гісторыі горада Мінска. Успаміны заснавальніцы музея і мастака Ігара Куржалава, які калісьці разам з Сяргеем Дзмітрыевым працаваў над мастацкім рашэннем музейнай экспазіцыі, былі не толькі інфармацыйна, але і эмацыянальна насычанымі.

Госці перадалі музею шматлікія падарункі. І як ніколі было актуальным сцверджанне, што лепшы падарунак – гэта кніга. Нават торт, падараваны кіраўніцтвам горада, меў форму разгорнутай кнігі.

176