100 гадоў таму выдадзены загад аб стварэнні ў Навагрудку музея Адама Міцкевіча. А было гэта так...

Першыя рэальныя спробы навагрудчан увекавечыць памяць аб сваім славутым земляку з’явіліся толькі ў 1920 г. Вышэйшы орган мясцовай улады – Навагрудскі павятовы рэўком выдаў 16 верасня 1920 г. загад за № 40 аб утварэнні ў доме, дзе жыў А.Міцкевіч, музея або бібліятэкі яго імя. У загадзе, які падпісалі старшыня раўкома С. Мертэнс і сакратар Лапнеўскі, адзначалася, што “у Навагрудку некалі жыў вядомы ўсяму свету польскі паэт Адам Міцкевіч” і што “Савецкая ўлада з’яўляючыся носьбітам культуры і святла, памятае тых, хто на гэтай ніве працаваў і памяць аб іх захоўвае і аберагае”. Зыходзячы з гэтага, рэўком пастанавіў: “ 1. Дом, у якім жыў Адам Міцкевіч з усёй абастаноўкай і бібіятэкай неадкладна вызваліць ад пражываючай у ім публікі і перадаць у распаражэнне Павятовага Аддзела Народнай Адукацыі. 2. Жылому аддзелу у тэрміновым парадку прадаставіць кватэры высяляемым з былога дома Міцкевіча. 3. Аддзелу Народнай Адукацыі неадкладна прыступіць да арганізацыі ў гэтым доме музея або бібліятэкі імя Адама Міцкевіча. 4. Аддзелу Народнай Адукацыі сабраць усе, што маюцца ў павеце, кнігі і іншыя памяткі аб Міцкевічу і ўключыць іх у музей або бібліятэку”. Як бачна, загад даволі канкрэтна вызначаў захады па заснаванню музея Адама Міцкевіча.
Невядома, якія рэальна былі прыняты меры па яго выкананню – час быў неспакойны, працягвалася польска-савецкая вайна і ўжо праз два тыдні, 1 кастрычніка 1920 г. у Навагрудак увайшлі польскія войскі.

917