УРОКІ ХАЛАКОСТА. УРОК ПЕРШЫ

Гісторыі ўласціва паўтарацца. Чаму? Таму што, вывучаючы гісторыю, мы не заўсёды засвойваем яе ўрокі і зноў дапускаем адны і тыя ж памылкі, якія ўжо не аднойчы прыводзілі да трагедыі.

Халакост называюць катастрофай, найвялікшай трагедыяй ХХ стагоддзя. Менавіта таму яго дагэтуль вывучаюць і выкладаюць у навучальных установах усіх узроўняў нават у тых краінах, на тэрыторыі якіх не забівалі габрэяў падчас Другой Сусветнай вайны.

У Беларусі выкладанне гісторыі Халакоста не ўваходзіць у навучальныя праграмы. Тым не менш, сёння многія ведаюць, што значыць Халакост, таму што пра знішчэнне габрэяў нагадваюць мемарыялы і памятныя знакі на месцах расстрэлаў па ўсёй краіне, закінутыя і знішчаныя яўрэйскія могілкі, за якімі няма каму даглядаць.

Перажытае, безумоўна, змяніла кожнага і чалавецтва ў цэлым, і яго ўрокі застаюцца актуальнымі ў ХХІ ст. Мабыць, самае моцнае ўражанне робяць сведчанні людзей, якія перажылі Катастрофу.

Першы ўрок Халакоста

Шмат хто ведае вядомыя выказванні нямецкага пастара Марціна Німёлера, які быў вязнем канцлагераў Заксенхаўзен і Дахаў з 1938 па 1945 г.

«Калі нацысты хапалі камуністаў, я маўчаў: я не быў камуністам.

Калі яны саджалі сацыял-дэмакратаў, я маўчаў: я не быў сацыял-дэмакратам.

Калі яны хапалі членаў прафсаюза, я маўчаў: я не быў сябрам прафсаюза.

Калі яны прыйшлі па мяне - заступіцца за мяне было ўжо няма каму».

Гэта сказаў чалавек, які цвёрда прытрымліваўся нацыяналістычных і антыкамуністычных перакананняў, які падтрымаў Гітлера, калі той прыйшоў да ўлады ў 1924 г. і стаў членам НСДАП. Аднак, Марцін Німёлер быў арыштаваны ў 1937 г. паводле абвінавачання ў «схаваных нападкам» на дзяржаву, бо адкрыта выступіў з крытыкай фюрэра, калі пачаліся ганенні на пратэстанцкую царкву. Надзвычайны суд па дзяржаўных злачынствах прысудзіў яго да 7 месяцаў зняволення ў турме, але фюрэр палічыў прысуд занадта мяккім і, прыстрашыўшы членаў суда, асабіста замяніў на бестэрміновае зняволенне «пакуль не пасінее». Німёлер быў вызвалены саюзнымі войскамі ў 1945 г.

Сёння даследчыкі Халакосту вылучаюць асобную групу людзей, акрамя ахвяраў і катаў. Іх называюць "тыя, што стаяць у баку". Вядомы чэхаславацкі публіцыст, пісьменнік, актывіст камуністычнага руху Юліус Фучык, якому ў 1943 г. у берлінскай турме Плётцэнзее адсеклі галаву на гільяціне, сказаў: «Бойцеся абыякавых! Гэта з іх маўклівай згоды робіцца ўсё зло на зямлі!»

Польскі пісьменнік, паэт і драматург Бруна Ясенскі, член Саюза пісьменнікаў СССР, арыштаваны ў 1937 па абвінавачванні ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі і расстраляны ў 1938 г., папярэджваў: «Не бойцеся сяброў - яны могуць толькі аддаць вас; ня бойцеся ворагаў - яны могуць толькі здрадзіць вам; бойцеся абыякавых, бо толькі з іх маўклівай згоды здзяйсняюцца здрады і забойствы».

132