Страчаная спадчына Навагрудчыны. Частка 9. Наваградская Ратуша

Спадарства,

Мы ўсе добра ведаем пра веліч Наваградка ў даўнія часы. Горад стаў ПЕРШАЙ сталіцай ВКЛ, тут засядаў Галоўны Трыбунал, горад быў рэзідэнцыяй праваслаўных мітрапалітаў ВКЛ, тут нарадзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Барыс Кіта… і так можна працягваць да бясконцасці. Але ёсць і яшчэ адна цікавай рэч, якая выдзяляла горад сярод іншых. А гаворка ідзе пра Магдэбургскае права і наяўнасць Ратушы ў Наваградку.

Ішоў 1511 год – год, калі Наваградак атрымаў Магдэбургскае права – статус вольнага горада з правам на самакіраванне. З атрыманнем Магдэбургскага права Наваградак займеў сваю пячатку і герб. А ў 1595 годзе права на самакіраванне было пацверджана ў другі раз.

Ну і канешне, абавязковым атрыбутам магдэбургскіх гарадоў была Ратуша, дзе размяшчаліся органы самакіравання. Наваградскую ратушу ўзвялі трохі пазней, ажно ў 1664 годзе (па некаторых звестках яна ўпершыню ўпамінаецца ў соймавай канстытуцыі ў 1652 годзе і размяшчалася ў будынку камяніцы на рынку).

Будынак Наваградскай Ратушы быў двухпавярховым, П-падобным у плане, без асаблівых дэкаратыўных элементаў на фасадзе. У ХVIIІ стагоддзі ратуша набыла выразныя рысы барока, але не мела гадзіннікавай вежы, як і самога гадзінніка. Пасля пажару 1751 года пачалася рэканструкцыя будынка. Менавіта тады да ратушы была прыбудавана гадзіннікавая двух’ярусная вежа, якая завяршалася фігурным купалам.

Падрабязны план ратушы быў створаны ў 1818 годзе, на якім ратуша паўстае з выразнымі рысамі класіцызму. У 1824 годзе над будынкам ратушы падняўся Архангел Міхаіл – святы заступнік горада, што было зроблена па жаданні ўсіх жыхароў Навагрудка. Да гэтага часу Магдэбургскае права ў Наваградку было ўжо скасавана. А ў будынку ратушы, на першым паверсе, знаходзіліся каравульныя памяшканні і шынок, на другім – суд і архіў. У глыбіні двара размяшчаліся склады.

Ратуша была знішчана пажарам 1862 года і больш не аднаўлялася. Далейшы лёс ратушы па дакументах не праглядаецца, але на плане горада Наваградка 1872 года ратушы ўжо няма. А на тым месцы, на пачатку 20 стагоддзя, быў пабудаваны гарадскі магістрат. Але і ён быў разбураны падчас бамбёжкі Наваградка на пачатку Другой Сусветнай вайны.

Сёння на месцы Ратушы знаходзіцца будынак крамы - "Дзіцячы свет".

А пабачыць ратушу мясцовыя жыхары і госці горада могуць на рэканструкцыі П.Каўцэвіча ў Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі, на мурале па вуліцы Міцкевіча, а таксама ў музеі міні-макетаў пад адкрытым небам.

891