Асоба ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 8. Ян Булгак

6 кастрычніка 1876 года - нарадзіўся ў маёнтку Асташын, што на Навагрудчыне, Ян Булгак - майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, адзін з піянераў польскай мастацкай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст. Яго творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы.

Ва ўзросце 11 год Ян Булгак пакінуў Навагрудчыну дзеля вучобы ў І класічнай Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1897 годзе. Потым быў факультэт філасофіі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. У жніўні 1901 года ажаніўся са стрыечнай сястрой Ганнай Хаціскай. А 27 красавіка 1906 года нарадзіўся яго адзіны сын Януш Булгак.

Першыя свае фотаздымкі Ян Булгак зрабіў у 1905 годзе, калі ягоная жонка атрымала ў падарунак просценькі фотаапарат. Першымі матывамі для здымкаў былі партрэты самых блізкіх, родных і характэрных вясковых тыпажоў, а таксама краявіды родных мясцін. У 1908 годзе мастак стварыў сваю фоталабараторыю. У 1905-1911 гадах Ян Булгак выканаў некалькі соцен здымкаў у ваколіцах Мінска і Навагрудка, якія з 1915 года выйшлі ў выглядзе альбомнага выдання ў шасці тамах. У 1910 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у сусветнай фотавыстаўцы ў Бруселі.

У 1911 годзе па прапанове Фердынанда Рушчыца Віленскі гарадскі магістрат стварыў пасаду гарадскога фатографа, на якую запрасілі Яна Булгака. Так пачаўся знакаміты віленскі перыяд у жыцці і творчасці фатографа. Ян Булгак выконваў фатаграфічныя дакументацыі ў Вільні, ён увекавечваў самыя важныя падзеі ў жыцці горада, толькі на працягу чатырох гадоў мастак зрабіў звыш васьмісот здымкаў старажытнай Вільні, і.г.д. У 1919—1939 ён кіраваў фатаграфічнай лабараторыяй пры факультэце мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. А ў 1927 годзе Ян Булгак стварыў славуты Віленскі фотаклуб - элітарную арганізацыю, якая аб'ядноўвала самых вядомых фатографаў.

Ян Булгак шмат разоў прымаў удзел у фотавыставах і фотаконкурсах. З часам ён і сам стаў арганізатарам і членам журы такіх конкурсаў.

У Вільні мастак меў сваё фотаатэлье, куды прыходзіла беларуская інтэлегенцыя. Нажаль, велізарная частка калекцыі здымкаў і негатываў Яна Булгака згарэла ў 1944 годзе. У гэты ж час ён пераехаў у Варшаву і дакументаваў практычна цалкам разбураны горад і яго адраджэнне. Мастацкія планы фатографа перарвала нечаканая смерць 4 лютага 1950 года ў Гіжыцку.

Калі казаць пра Яна Булгака як пра фотамастака, дык гэта быў чалавек, які не прымаў новых плыняў у фатаграфіі без крытыкі. Гэта быў памешчык і традыцыяналіст, які да канца свайго жыцця заставаўся рамантыкам, майстрам патрыятычнага пейзажа. У сваёй працы ён імкнуўся да таго, каб фатаграфія стала адной з галін мастацтва, роўнай з жывапісам.

Ян Булгак шмат зрабіў не толькі для Віленшчыны, Польшчы, але і для Навагрудчыны. Прынамсі, Ян Булгак зафіксаваў Навагрудак у перыяд росквіту будаўніцтва і стварэння інфраструктуры ваяводскага цэнтра, калі ў горадзе будаваліся адміністрацыйныя будынкі і цэлыя жылыя раёны для чыноўнікаў, ён фотафіксаваў Навагрудчыну да пачатку Першай Сусветнай і пасля яе, дзякуючы яму мы ведаем, як выглядалі сядзібы і маёнткі Навагрудскай зямлі.

Навагрудчыне Ян Булгак прысвяціў кнігу ўспамінаў "Край дзіцячых гадоў" (перакладзена з польскай на беларускую мову ў 2004 г. Т.Р.Вяршыцкай), дзе паказваецца шырокая панарама жыцця Навагрудчыны канца 19-пачатку 20 стагоддзя. Ва ўспамінах Яна Булгака ёсць апісанне самых знакамітых сядзібаў у ваколіцах Навагрудка, Міра, Баранавіч, Свяцязі, а таксама каларытных цікавых асобаў.

Калі будзеце ў Наваградку, раім наведаць Фару Вітаўта і паглядзець на барэльеф фатографу, у нашым музеі можна пабачыць пабольшаны здымак палаца Радзівілаў, схадзіць на Замкавую гару... І канеш ж, раім прачытаць кнігу ўспамінаў Яна Булгака. Яна пагрузіць Вас у чароўны свет старасвецкіх маёнткаў і сядзіб, у жыццё, такое адрознае ад нашага. А калі ў Вас будзе магчымасць наведаць фотавыставу мастака, без роздуму набывайце квіток і кіруйце ў свет, поўны ценяў і сонечных водбліскаў!

1011