ГІСТОРЫЯ ПРАЦЯГАМ БОЛЬШ ЗА ПЯЦЬ СТАГОДДЗЯЎ. Да 515-й гадавіны першай летапіснай ўзгадкі Лоева


ГІСТОРЫЯ  ПРАЦЯГАМ  БОЛЬШ ЗА  ПЯЦЬ СТАГОДДЗЯЎ 
Да 515-й гадавіны першай летапіснай ўзгадкі Лоева

 

Па матэрыялах археалагічных экспедыцый па Лоеўскім раёне.

З 17 кастрычніка 2020 г.

У выставачным праекце выкарыстаныя археалагічныя артэфакты, атрыманыя падчас экспедыцый у в. Мохаў Лоеўскага раёна, якія захоўваюцца ў музейным  зборы Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

 

У 2018 г. археалагічным атрадам дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” пад кіраўніцтвам Зміцера Ліндзянкова былі праведзеныя археалагічныя даследаванні курганнага магільніка ў в. Мохаў Лоеўскага раёна. Тут былі вывучаныя два курганы.

У кургане 83 выяўлена тры розначасовых пахаванні. Першае пахаванне ў кургане было праведзенае па абрадзе крэмацыі на баку. Пасля чаго парэшткі былі сабраныя, перанесеныя на месца пахавання і рассыпаныя на ўзроўні верхняй часткі зольна-вугальнага гарызонту і ніжняй частцы насыпу (пахаванне 1). Пахаванне суправаджалі два пабітых гаршкі і разрозненыя фрагменты керамікі, нож, жалезная пласціна-абкладка і рыбалоўны кручок. Арыентуючыся на інвентар, пахаванне магло належаць мужчыну, і было зробленае ў X ст.

Пахаванне 2 таксама было праведзенае па абрадзе крэмацыі на баку. Пасля гэтага частка костак была сабраная ў гаршчок і перанесенае на месца пахавання. У працэсе правядзення абраду ў паўночнай частцы кургана была ўладкаваная невялікая ямінка, куды змешчаныя крэміраваныя парэшткі, якія не трапілі ў пахавальную урну, разбіты кругавая пасудзіна, металёвыя і шкляныя ўпрыгожванні. У верхняй частцы пахавання была ўсталяваная ўрна з косткамі. Па інвентары і кераміцы пахаванне можна аднесці да X ст.

Пахаванне 3 зробленае ў цэнтры кургана па абрадзе яміннай інгумацыі ў драўлянай дашчанай скрыні. Пры яго правядзенні былі пашкоджаныя першае і другое пахаванні. Пахаванне 3 суправаджаў кругавы пасудзіна, паясное кольца і спражка. Аналіз інвентару дазваляе выказаць здагадку, што пахаванне 3 належала мужчыну. Яно датуецца першай паловай – сярэдзінай XI ст.

У кургане 104 пахаванне прадстаўленае яміннай інгумацыяй. Само пахаванне зробленае ў драўлянай канструкцыі. Пахавальны інвентар прадстаўлены бронзавымі накладкамі, жалезнай падковападобнай фібулай, жалезным бранзалетам, нажом і трапецападобнай спражкай.

Атрыбуцыя бронзавых накладак выявіла, што яны з’яўляюцца ўпрыгожваннем пасавай сумкі. Па тыпе яно адносіцца да разнавіднасці вугорскіх ташак лірападобнай формы. Аналогіі накладкам з рознай ступенню падабенства ёсць у матэрыялах Гнездава (Смаленская вобласць, найбуйнейшы ў Еўропе курганны магільнік перыяду фарміравання старажытнарускай дзяржаўнасці) і ў большай ступені — у вугорскіх старажытнасцях (напр., кайстра з пласцінай са Свалявы, Закарпацце, Украіна). Драўляная канструкцыя з’яўляецца зрубам з паўбярвенняў або бярвення з дашчанай падлогай. Па шэрагу прыкмет пахаванне ў кургане 104 адносіцца да элітарных пахаванняў у драўляных камерах, распаўсюджаных у Паўночнай і Усходняй Еўропе ў канцы IX – пачатку XI стст.

Зміцер Ліндзянкоў,
загадчык аддзела археалогіі і
аховы гісторыка-культурнай спадчыны музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля
87