Найбольш цікавыя музейныя прадметы. Частка 12. Форма для засолу швейцарскіх сыроў

Спадарства,

Напэўна шмат хто са старэйшага пакалення бачыў, як робіцца хатні тварог, масла, сыр. Новая гарадская генерацыя беларусаў не мае такой магчымасці. Таму, мы вырашылі пост за постам распавядаць пра самыя цікавыя і незвычайныя побытавыя рэчы, якія тычацца гастранамічнай тэматыкі.

Пачнем з цікавага і магчыма не самага распаўсюджанага артэфакта – форма для засолу швейцарскіх сыроў у хатніх умовах. Ці Вы чулі калі пра такую? Форма складаецца з драўлянага бруса з дзвюма выемкамі круглай формы. Форма паходзіць з вёскі Аўдзеевічы, 30-ыя гады 20 ст., ручная вытворчасць.

Чаму такі прадмет быў ва ўжытку на Наваградчыне? Усё вельмі проста. Справа ў тым, што:

  1. ужо з сярэдзіны 19 стагоддзя ў Заходняй Беларусі пачалі вырабляць мясцовыя аналагі галандскіх сыроў, якія называліся «літоўскія» сыры;
  2. на Наваградчыне сыры выраблялі ў пяці месцах: Морын, Вераскава, Любча, Шчорсы (швейцарскія сыры), Уселюб (галандскія сыры, швейцарскія сыры);
  3. першапачаткова сыры выраблялі на Навагрудыне запрошаныя сюды майстры з Галандыі і Швейцарыі, а ўжо потым гэтай справе навучаліся мясцовыя людзі.

Прывядзем пару прыкладаў з гісторыі «галандска-швейцарскай» Навагрудчыны. Не першы і не апошні раз узгадаем Мураванку ў Шчорсах. Перадавая гаспадарка свайго часу, перадавыя погляды Храптовічаў на вядзенне гаспадаркі і на пабудову ўзаемаадносін з сялянствам і рабочымі, эканамічная падкованасць, і г.д. Таму не дзіўна, што гаспадары вырашылі рабіць сыры. І не проста сыры, а швейцарскія! Для гэтага Храптовічы запрасілі ў Шчорсы майстроў са Швейцарыі і завялі спецыяльныя пароды авечак Negretti i Rambouillet (мелі па-над 3000 галоў), 450 кароў малочных парод. Усе сыры выраблялі на продаж за мяжу, для чаго мелі сваю флатылію на Нёмане, у вёсцы Панямонне.

Другі прыклад тычыцца сыру тыпу «Эдам». Яго гісторыя бярэ пачатак у сярэдзіне XIX стагоддзя, калі галандскі сырароб прыехаў у наваколлі Наваградка і пачаў там вырабляць сыры. Ён старанна захоўваў сакрэт прадукту і не дзяліўся з мясцовымі памочнікамі, таму арыгінальны галандскі рэцэпт быў перапрацаваны так, што ад яго мала што засталося. Але з’явіўся сыр лехіцкі (ser lechicki), які распаўсюдзіўся на абшарах Беларусі, Літвы ды Польшчы.

Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, прыходзім да высновы, што наяўнасць такой формы для вырабу швейцарскіх сыроў у вёсцы Аўдзеевічы зусім не выпадковая і не дзіўная рэч - выраб галандскіх/швейцарскіх сыроў быў не нечым незвычайным у гэтай мясцовасці, ды і сама вёска знаходзіцца ў менш чым 6 км ад Шчорсаў.

826