
Мінуўшчына Заслаўя ўвабрала ў сябе многія стагоддзі беларускай гісторыі. Рагнеда і Ізяслаў – заснавальнікі горада, яны, безумоўна, вельмі важныя для нас, але нельга забываць і пра многіх іншых асобаў, чые лёсы скрыжаваліся з Заслаўем. Гэта неабходна, каб 1035-гадовая гісторыя горада была больш поўнай і адкрытай для нас. Сярод такіх асобаў у розных стагоддзях: Яўнут Гедзімінавіч, Ян Янавіч Глябовіч, Сымон Будны, Антоні Пшаздзецкі ды іншыя. Задума паказаць багацце Заслаўскіх стагоддзяў увасобілася ў выставе жывапісных работ, маляваных дыванкоў, фотаработ, керамічных вырабаў. Ідэя гэтай выставы належыць руплівіцы на ніве Заслаўскай даўніны, шчырай і апантанай даследчыцы – Таццяне Гаранскай. У гэтай справе яе з задавальненнем падтрымаў музей-запаведнік, прадставіўшы для выставы адну з залаў свайго музейна-выставачнага комплекса (вул. Рынкавая, 4, з 26.12.20 да 25.01.21), а таксама шэраг прац са сваіх фондаў. Сярод усяго прадстаўленага на выставе Вам сустрэнецца файны новатвор – кніга "Міфы старажытнага Заслаўя". Яе аўтаркай з'яўляецца Анастасія Гаранская, таленавітая дзяўчына, якая імкнецца працягваць справу сваёй бабулі на ніве Заслаўскіх таямніц.
Завітвайце, калі ласка, свята Заслаўскіх стагоддзяў чакае на Вас!