«У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны»

20 студзеня 2021 г. выстаўка «Рождённые побеждать», якая працуе ў Краязнаўчым музеі Полацка ўжо другі год, у чарговы раз стала месцам правядзення сустрэчы палачан розных пакаленняў, якія цікавяцца спартыўнай гісторыяй горада. У музеі сабраліся аматары аднаго з самых відовішчных гульнявых відаў спорту — ХАКЕЯ. Сярод ганаровых гасцей былі Алек Гусманавіч Батаршын, арганізатар першых хакейных каманд на Полацкім шклозаводзе ў 1960 г., інструктар па фізічнай культуры і спорце, Валерый Мікалаевіч Каваленка, варатар каманды «Хімік» Полацкага шклозавода ў 1960-я гг., трэнер, а пазней дырэктар Полацкай ДЮСШ-2, Аляксандр Сцяпанавіч Аўдачонак, старшыня Полацкага гарадскога камітэта па фізічнай культуры і спорце (1977-1986), старшыня ветэранскай арганізацыі работнікаў фізкультуры і спорту Полацкага раёна з 2004 г., а таксама гульцы полацкіх каманд розных гадоў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і навучэнцы СШ №16 на чале з настаўнікам фізкультуры Вольгай Францаўнай Дрозд.

Прыемным сюрпрызам для прысутных стаў аўдыёаповяд былога трэнера і іграка каманды «Хімік», якая стала ў 1967 г сярэбраным прызёрам чэмпіянату БССР сярод каманд 2-й групы, Аляксандра Шавякі. Заслужаны трэнер СССР пражывае сёння ў Гомелі, але з задавальненнем распавёў аб пераможных матчах палачан паўвекавой даўнасці.

Запомнілася прысутным і выступленне А.Г. Батаршына, які ўспомніў пра асаблівасці трэніровак на нядаўна адкрытых тады стадыёнах «Лакаматыў» і «Хімік», пра запоўненыя заўзятарамі трыбуны падчас правядзення хакейных матчаў, пра першыя выступленні палачан на сталічных пляцоўках.

Гульні на прыз «Залатая шайба» і папулярнасць хакея сярод моладзі сталі асноўнымі прычынамі адкрыцця ў пачатку 1970-х гг. у Полацкай ДЮСШ хакейнай секцыі, якая праз гады стала практычна самастойнай школай. Вядучы трэнер школы В.М. Каваленка падзяліўся сваімі ўспамінамі пра юных хакеістаў тых гадоў, якія на рэспубліканскіх чэмпіянатах прызнаваліся лепшымі гульцамі.

Сярод прысутных былі і тыя выхаванцы Полацкай спартыўнай школы, якія пазней абаранялі гонар горада, выступаючы ўжо за дарослую каманду «Хімік». Так, Аляксандр Сыс і Сяргей Шытаў успомнілі самыя вострыя моманты гульняў з віцяблянамі і мінчанамі, а таксама сказалі шмат цёплых слоў у адрас сваіх настаўнікаў.

Нягледзячы на тое, што сёння ў хакей гуляюць значна больш актыўна ў суседнім Наваполацку, чым у нашым горадзе, ветэраны спорту былі гатовыя стаць на канькі і даць урокі майстэрства Полацкай моладзі. Да гэтага часу многія з іх у выдатнай спартыўнай форме, як, напрыклад, Яўген Іваненка, які абараняе вароты каманд «Начныя зоркі», «Рубон», «Мядзведзі» і інш. Менавіта дзякуючы яму і пачалося фарміраванне калекцыі матэрыялаў, прысвечаных гісторыі развіцця хакея ў Полацку, частка якой у 2019 г. была перададзена ў музейны збор НПГКМЗ.








821