Лётчыкі-касманаўты А. Нікалаеў і П. Паповіч – Ганаровыя грамадзяне горада Полацка.

У жніўні 1962 г. аб сумесным палёце касманаўтаў Андрыяна Нікалаева на караблі «Усход-3» і Паўла Паповіча на караблі «Усход-4» пісалі ўсе газеты. Выключэннем не стала і полацкая газета «Сцяг камунізма». На прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля паспяховага прызямлення лётчыкаў, усе выступоўцы ў адзін голас адзначалі, што падчас шматсутачнага палёту, «накоплены выключна багатыя і каштоўныя дадзеныя, палёт з’яўляецца выдатным дасягненнем навукі і тэхнікі і сведчыць аб новым прагрэсе ў даследаваннях касмічнай прасторы, якая ажыццяўляецца ў Савецкім Саюзе».

Самымі цікавымі былі выступленні непасрэдных удзельнікаў палёту, аб чым паведамлялі матэрыялы газетных артыкулаў. Акрамя асноўных рабочых задач, касманаўты распавядалі пра свае асабістыя пачуцці. Так, А. Нікалаеў адзначаў, што ежа падчас палёту была разнастайнай і ў залежнасці ад густу пілота. Вельмі смачнай была вада, а 6-гадзінныя перапынкі на сон былі дастатковымі. З карабля А. Нікалаеў добра бачыў узбярэжжы, абрысы гарадоў, галоўныя вуліцы, увесь час адчуваў сябе вельмі камфортна, меў магчымасць сам рэгуляваць тэмпературу ў кабіне карабля. А вось падчас прызямлення «моцна трасло, як быццам ты едзеш на вазу па дрэннай дарозе».

Дакладна па плану палёт праходзіў і ў Паўла Паповіча. У космасе ён, акрамя абавязковай працы, пастаянна рабіў зарадку, займаўся англійскай мовай, еў свае любімыя стравы – тэфтэлі, смажаную курыцу, каўбасу. Абодва лётчыкі адзначалі, што на працягу 71-гадзіннага палёту пастаянна абменьваліся думкамі і ўражаннямі, абмяркоўвалі рабочыя моманты. Найлепшая сувязь паміж імі ўсталявалася падчас збліжэння касмічных караблёў у паўднёвым паўшар'і прыкладна на 55-60º :

«Здавалася, што мы размаўляем, стоячы, адзін каля аднаго».

За здзяйсненне першага ў свеце працяглага групавога палёту ў космас на караблях-спадарожніках  «Усход-3» і «Усход-4» А. Нікалаеву і П. Паповічу было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.

У тыя ж жнівенскія дні 1962 г. горад Полацк святкаваў свой 1100-гадовы юбілей, і рашэннем Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных была прынята пастанова прысвоіць Героям Савецкага Саюза А. Нікалаеву і П. Паповічу званне Ганаровых грамадзян горада Полацка.

815