Адкрыццё выставы «Вяселле: традыцыі і сучаснасць». Полацк

14 кастрычніка ў Музее традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адбылося адкрыццё выставы «Вяселле: традыцыі і сучаснасць» .

Вяселле – абрад яднання, злучэння маладых, пачатак новай сям’і і адначасова – працяг старажытнага чалавечага роду, з’ўяляецца найбольш захаваным. Пра гэта сведчаць не толькі вядомыя этнографы і фалькларысты. Згадзіцеся, рэдка якое з сучасных вяселляў абыходзіцца без спрадвечных традыцый абсыпання маладых жытам, абыходу святочнага поезда бацькамі з іконай. А абрад дарэння! А такія атрыбуты як вясельны каравай і ручнік?! А вясельныя чыны – сваты, дружкі! Рэдкая маладая не апранае вясельны вянок і вэлюм. Усе гэтыя элементы пахозяць з глыбокай даўніны і з’яўляюцца чырвонай нітачкай, што звязвае нас, сучасных людзей, з продкамі.

Ініцыятарам і арганізатарам выставы з’яўляецца Рэспубліканская маладзёжная грамадская арганізацыя «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» . Роўна год, як выстава перасоўваецца па гарадам Беларусі. Кожнае мястэчка, дзе спыняецца мабільная выстава, імкнецца дапоўніць яе мясцовым каларытам. Не выключэннем з’яўляецца і Полаччына. Да асноўнай экспазіцыі дадаліся тканыя вырабы: ручнікі, посцілкі з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Рэчы, прадстаўленыя на выставе, маюць як старажытнае так і сучаснае паходжанне. Частка рэчаў - экспедыцыйныя знаходкі, частка - спецыяльна выконвалася для выставы сябрамі таварыства з выкарыстаннем старажытных тэхналогій.

Гасцей супрацоўнікі Музея ткацтва сустракалі з вясельным караваем і старадаўнім напоем «Журавіны». Вяселле – гэта ў першую чаргу прыгожая, песня, якая кранае душу. Вясельная песняй «А ў барочку цецярук баўбоча...», у выкананні гурта архаічных спеваў «Княжыч», распачалася вечарына.

У гэты вечар у сценах музея спявала полацкая спадчына. Старажытныя вясельныя песні пачулі госці ад кіраўніка народнага гурта «Голас спадчыны» Веры Уладзіміраўны Пісюковай.

Кажуць людзі, што без дуды нікуды. Напрыклад, на вяселлі, калі дзяўчына была сіратою, ролю бацькі маладой выконваў дудар. На адкрыцці гэтай выставы таксама гучала музыка, якая выконваецца падчас вяселля. Мелі палачане ўнікальную магчымасць праслухаць дудовыя вясельныя найгрышы ў выкананні Станіслава Чавуса, сябра «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства».

На адкрыцці адбылася прэзентацыя кнігі Веры Іванаўны Селівончык «Ткацтва на дошчачках».

Запрашаем палачан і гасцей горада наведаць выставу, а таксама замовіць тэматычную экскурсію на тэму «Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць».

Тэлефон для даведак: 8 (0214) 42-30-41

Музей працуе штодня з 10:00 да 17:00 акрамя панядзелка.

Фотаздымкі Зміцера Оськіна