У краіне майстроў

Чым раней займаліся нашы продкі? Якія насілі боты і кашулі? Чым упрыгожвалі свае хаты? Пра гэта і многае іншае можна даведацца на музейна-педагагічных занятках, якія праходзяць на гэтым тыдні ў Краязнаўчым музеі.

Вучняў полацкіх школ гасцінна сустракае старшы навуковы супрацоўнік музея Гаўрылава Славіна Вячаславаўна. Амаль з першых хвілін заняткаў дзеці адпраўляюцца падарожнічаць па полацкім кірмашы. Якіх тут толькі няма рэчаў! Гэта і скураныя боты і кашалькі, жалезныя цуглі і ключы, гліняныя жбаны і гарлачыкі. На кірмашы вас сустрэнуць яшчэ і самі майстры. Каваль раскажа, як гартавалі жалеза і працавалі ў кузні. Ганчар пакажа посуд са сваім асабістым кляймом. А кравец пазнаёміць дзяцей з абуткам полацкіх моднікаў і модніц.

Вучні полацкіх школ не толькі ўважліва слухаюць гаспадыню, але і прымаюць актыўны ўдзел у гульнях. Самаробная гліняная свістулька сваімі салодкімі гукамі збярэ дзяцей у круг. А гульня з плеценым кошыкам дапамагае знайсці сярод вучняў самых лоўкіх і ўважлівых.

Напэўна, самая цікавая частка занятка — праца ў «музейнай майстэрні». Дзеці, падзяліўшыся на групы, з ваўняных нітак робяць лялек.

Напрыканцы занятка, утульна пасеўшы на банкеткі, вучні з вялікім задавальненнем знаёмяцца з працай сучасных полацкіх майстроў. Загадзя супрацоўнікі музея сустракаліся з імі ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Супрацоўнікі ЦРНК расказалі, чым займаюцца зараз, паказалі свае вырабы, пазнаёмілі з сакрэтамі свайго майстэрства.

Такім чынам, нашы маленькія палачане знаёмяцца з самымі распаўсюджанымі заняткамі полацкіх майстроў розных часоў. У музеі іх вучаць паважаць працу, беражліва ставіцца да рэчаў, зробленых іх продкамі, якія сёння зберагаюць полацкія музеі.

2244