225 год Яну Чачоту

Было гэта ў горадзе слаўным Міндоўга-
Вякоў найдалёкіх здарэнне:
На Замкавай ціхай гары колісь доўга
Я слухаў сцен даўніх каменне.
Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча —
Паслухаць іх спыніцца кожны.
Руіны царквы ажываюць штовечар —
Ад зданяў трасецца набожны.

Ян Чачот, "Наваградскі Замак"

Шаноўнае спадарства,

Сёння сапраўды незвычайны дзень!

Роўна 225 год назад, 24 чэрвеня 1796 года, прыйшоў у гэты свет наш знакаміты зямляк – паэт і фалькларыст Ян Антоні Чачот. Нарадзіўся на Наваградчыне ў вёсцы Малюшычы (зараз Карэліцкі раён) у сям’і беззямельнага шляхціча. Ахрышчаны быў у парафіяльным касцёле ў Варончы, прычым, двойчы – спачатку уніяцкім, а потым каталіцкім святарамі.

Сваю першую навуку Ян Чачот спасцігаў у дамініканскай школе пры касцёле Св.Архаанёла Міхіла ў Наваградку. Тут ён моцна і на ўсё сваё жыццё пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Дарэчы! Толькі Ян Чачот мог выпраўляць, крытыкаваць творчасць Адама Міцкевіча.

У 1816 годзе выдатнік Ян Чачот становіцца студэнтам Віленскага універсітэта. Малады чалавек абраў факультэт маральных і палітычных навук. Менавіта ў Віленскім універсітэце Ян Чачот становіцца ўдзельнікам таемнага таварыства філаматаў.

Правучыўся Ян ва універсітэце нядоўга. Усяго адзін год. З-за адсутнасці сродкаў яму прыйшлося кінуць вучобу. А каб забяспечыць сябе, працаваў адвакатам і пісарам.

Што мы ведаем пра Яна Чачота, як пра таленавітага паэта? Па-першае, на паэтычным спаборніцтве, што адбылося 21 снежня 1818 года, Ян Чачот быў прызнаны трэцім паэтам сярод філаматаў – пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана (дарэчы, сёлета святкуецца і юбілей Тамаша Зана).

Па-другое, першыя вядомыя творы Яна Чачота таксама звязаныя з філамацкім жыццём. З нагоды студэнцкіх урачыстасцей ён пісаў ужо на гатовы матыў беларускіх народных песень свае ўласныя песні і вершы.

Пасля выкрыцця таемных таварыстваў Віленскага універсітэта, Ян Чачот быў арыштаваны і амаль год правёў у вязніцы пакуль ішло следства. Ян Чачот каб адвесці пагрозу ад арыштаваных таварышаў, браў на допытах віну на сябе, за што разам з Тамашам Занам і Адама Сузіным панёс самае суровае пакаранне - дзесяцігадовае выгнанне ў глыбіні Расіі.

У 1833 годзе Ян Чачот вяртаецца на Радзіму, у Лепель. Але толькі ў 1839 годзе нарэшце ён атрымлівае дазвол вярнуцца на родную Наваградчыну. Тут ён уладкоўваецца бібліятэкарам у знакамітую шчорсаўскую бібліятэку Храптовічаў. У Шчорсах Ян Чачот актыўна займаецца збіраннем і публікацыяй беларускага фальклору.

Ян Чачот – фалькларыст.

Ян Чачот сабраў каля тысячы аўтэнтычных народных песень, якія былі выдадзеныя ў шасці тамах. Напісаў 10 баладаў, заснаваных на нашых легендах і паданнях.

Для навагрудчан асабліва прыемна чытаць балады “Наваградскі Замак”, “Свіцязь”; “Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года” – “Каранацыя Міндоўга”, “Магіла Міндоўга”, “Войшалк, альбо Вальстынік Міндоўгавіч”.

Памёр Ян Чачот у 1847 годзе 23 жніўня ў Ротніцы, што каля Друскенік. Туды ён выправіўся на лячэнне ў надзеі паправіць сваё надломленае здароўе.

Ян Чачот акрамя таго, што быў паэтам, зрабіў велічэзны ўнёсак у захаванне нашага аўтэнтычнага фальклору, у захаванне нашых гаворак, заклаў падмуркі практычнай лексікаграфіі беларускай мовы, Ян Чачот упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу.

964