ШЛЯХАМ АДАМА МІЦКЕВІЧА - Міцкевіч у Расіі

Адам Міцкевіч у Расіі

Вільня….Арышт… У лютым 1824 года Адам Міцкевіч разам з іншымі ўдельнікамі Таварыства філарэтаў быў выпушчаны з манастыра. Паводле прысуду, у кастрычніку ён выехаў у Пецярбург, каб ужо адтуль адправіцца на месца сваёй будучай службы. Па прыбыцці ў Пецярбург Міцкевіч разам з Яжоўскім выбралі Адэсу, заявілі жаданне выкладаць там у Рышэльеўскім ліцэі.

У пачатку 1825 года яны адправіліся туды, атрымаўшы ад міністэрства асветы дапамогу на дарогу па 300 рублёў асігнацыямі. У Адэсе, аднак, не прыйшлося застацца нікому з іх, так як неўзабаве па прыездзе іх у гэты горад атрыманы быў загад, у якім ім забаранялася знаходжанне ва ўсіх паўднёвых губернях і давалася абраць якое-небудзь іншае месца жыхарства. Міцкевіч і Малеўскі выбралі гэтым разам Маскву.

У Маскве Міцкевіч пасяліўся разам з Малеўскім. Працаўладкаваўся ў якасці сакратара ў канцылярыю генерал-губернатара Галіцына.  У Маскве Міцкевіч зблізіўся з прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта Качаноўскім, а праз яго - і наогул з колам маскоўскіх літаратараў, якія яго гасцінна прынялі.

 Качаноўскі пазнаёміў яго з Мікалаем Палявым, які знаходзіўся ў той час яшчэ ў росквіце сваёй дзейнасці. У дом Мікалая Палявога Адам Міцкевіч быў запрошаны вясною 1826 года. Вядома, што для таго каб чытаць вершы Міцкевіча ў арыгінале, Палявы вывучаў польскую мову. Газета Палявога “Маскоўскі Тэлеграф” стала газетай, якая праслаўляла паэта. На яе старонках публікаваліся творы Міцкевіча ў перакладах Юрыя Пазнанскага, Пятра Вяземскага, Івана Казлова і інш. 

Менавіта ў Палявога Міцкевіч пазнаёміўся з князем Пятром Вяземскім, які некаторы час жыў у Варшаве, дзе меў службу. Князь Вяземскі  быў добра знаёмы з польскай мовай і літаратурай, таму і  хутчэй за іншых мог ацаніць талент Міцкевіча. Вяземскі зрабіў шэраг перакладаў з Міцкевіча,  у тым ліку  яго санетаў на рускую мову, якія змясціў у "Маскоўскім тэлеграфе". Князь Вяземскі прывеў Міцкевіча ў салон княгіні Валконскай, дзе сустракалася амаль ўся руская інтэлігенцыя таго часу. Тут жа польскі паэт пазнаёміўся і з вялікім прадстаўніком рускай паэзіі Аляксандрам Пушкіным.

834