Цікавы прадмет з фондаў музея - Барэльеф “ADAM MICKIEWICZ”

Барэльеф “ADAM MICKIEWICZ” - да 100-годдзя з дня нараджэння паэта. Аўтар невядомы. Зроблены ў Варшаве ў 1898 годзе на фабрыцы “Znicz”.  

Выпуклы барэльеф у форме медальёна з дэкаратыўным абрамленнем, адліты з пацінаванага  чыгуну, авальнай формы, серабрыста-шэрага колеру. Даволі вялікіх памераў - вышыня 44 см, шырыня 28 см.

У авальным медальёне, па цэнтру, пагрудны бюст Адама Міцкевіча, анфас. Па краю  дэкор - выпуклае абрамленне ў выглядзе звязаных пучкоў пальмавага лісця, а ўверсе перакрыжаваныя лаўровыя галінкі - абодва сімвалы трыумфу, славы і неўміручасці. Уверсе таксама размешчаны: раскрытая кніга, пяро, ліра і вянок з кветак – сімвалы паэзіі. У ніжняй частцы перавязаная стужка з датамі: 1798 - 1898 гг. На стужцы, якая абвівае рамку з пальмавага лісця, бачны фрагменты з надпісамі назваў найбуйнейшых твораў А.Міцкевіча: ад верху злева направа –“Konrad”, “Wallenrod”, “Dziady”, “Tadeusz”, "Pan”,  “Grażyna”, “Farys”. Па колу рамкі  праз невялікія прамежкі (4,5 см.) выбіты літары, якія ўтвараюць слова "ADAM  MICKIEWICZ” (уверсе "ADAM”, унізе “ MICKIEWICZ”).

На адваротным баку ўверсе і ўнізе паўкругам у тры радкі выціснуты рэльефны тэкст на польскай мове: у верхняй частцы - „NA PAMIĄTKĘ JUBILEUSZU / WARSZAWA / 1898 r.”, у ніжняй частцы - “OSTRZEGA SIĘ / PRZED NAŚLADOWNICTWEM / ZNICZ”. ("У памяць  аб юбілею / Варшава / 1898 г."; Асцерагайся падробкі / Зніч".

Для зручнасці падвешвання на сцяну, ўверсе прымацавана драцяная падвеска.

У музеі знаходзіцца з 11 верасня 1973 г. Быў набыты ў жыхара г.Гродна.

790