КУПАЛЛЕ

Свята Купалле - гэта чароўная пара, калі год дзеліцца напалову, пачынаецца жніво, сонца вяртаецца ад лета да зімы, а дзень памяншаецца.

Толькі на Купалле бог Пярун пасярод ночы запальвае папараць-кветку - кветку шчасця. Гэтая вогненная кветка квітнее толькі раз на год. Роўна апоўначы яна ўспыхвае, у імгненне вока вырастае ўгору і гарыць блакітным агнём, але адразу ж і асыпаецца.

Смельчаку, які паспее сарваць папараць-кветку, адкрываюцца ўсе таямніцы свету. Але кветка даецца толькі маладым хлапцам і толькі ім вяшчае долю.

Людзі вераць, што зёлкі і травы, сабраныя ў купальскую ноч, маюць незвычайную моц. Толькі на Купалле сонца, калі ўжо палае світанак, “грае - Купалле велічае”, яно танцуе. Толькі ў гэту ноч дрэвы і расліны пераходзяць з месца на месца, размаўляюць паміж сабою; маланка нікога не забівае; птушкі атрымліваюць дар размаўляць па-чалавечы; вада ў рэках ператвараецца ў срэбра - людзі верылі, што ў гэту ноч у рэках купаюцца душы нябожчыкаў і таму вада напаўняецца святлом.

Купальскае вогнішча раскладаюць толькі хлопцы. Кожны гаспадар павінен быў даць Купалу нешта драўлянае - лапату, вілы, граблі і г.д., што выйшлі з ужытку. Для вогнішча хлопцы “кралі” ўсёй вёскаю ламачча. І звычайна кралі ў тых, дзе была дзеўка на выданне.

Купалле святкавалі звычайна бліз лесу і вады. Каля вогнішча гатавалі абрадавыя стравы. Вадзілі карагоды. Хлопцы і дзяўчаты парамі скакалі праз вогнішча. Прыгнуўшы так тры разы, і не зачапіўшы полымя, верылі, што пара хутка пабярэцца шлюбам і будзе шчаслівая ў ім.

У купальскую ноч дзяўчаты варажылі, пускалі ноччу на ваду вянкі з кветак. А раніцою, калі сонца толькі пачынае ўзыходзіць, хлопцы і дзяўчаты купаліся ў вадзе, каталіся па траве з купальскімі росамі, каб набрацца моцы на наступны год.

На досвітку 7 ліпеня дзяўчыны ўмываліся расой, каб захаваць сваю прыгажосць.

Усім ЧАРОЎНАГА КУПАЛЛЯ!

p.s. больш падрабязна пра Купалле чытайце тут:

782