Да Міжнароднага дня бокса

Ужо не першы год 22 ліпеня ў свеце адзначаюць Дзень бокса. Гэты від спорту, які бярэ свой пачатак яшчэ з гісторыі кулачных баёў антычнасці, у нашым горадзе атрымаў развіццё толькі ў 1940-я гг. Аб боксе ў пасляваенны час захавалася не так шмат дакументальных сведчанняў. Гэта толькі невялікія нататкі ў газетах і ўспаміны спартсменаў мінулага стагоддзя. Таму адкрыццём для шырокага кола аматараў гісторыі спорту сталі фотаздымкі з сямейнага архіва Мікалая Леанідавіча Генова, заснавальніка вадналыжнага спорту ў г. Наваполацку, Заслужанага трэнера БССР. Яго захапленне спортам пачалося яшчэ ў юнацтве: футбол, валейбол, плаванне, лыжы, лёгкая атлетыка, бокс. Трэнерам па боксе ў Мікалая і іншых полацкіх хлапчукоў быў Уладзімір Гур'янаў. Яго выхаванцы выступалі на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Новы этап у развіцці бокса ў Полацку звязаны з імем майстра спорту Уладзіміра Несцерава. За некалькі дзесяцігоддзяў ён выхаваў годных спартсменаў, якія сталі гонарам не толькі Полацка, але і ўсёй Беларусі. Роўна год таму ў Краязнаўчым музеі горада адбылася сустрэча вучняў і прадаўжальнікаў справы Уладзіміра Васільевіча. Якім ім запомніўся У.В. Несцераў, можна даведацца, паглядзеўшы невялікі відэафільм. Сёння спартыўны гонар Полаччыны адстойваюць новыя перспектыўныя баксёры, якім хочацца пажадаць багатырскага здароўя і поспехаў на рынгу. Са святам!

852