Цікавы музейны прадмет. Вышыты дыван

Спадарства,

Хочам пахваліцца і трошкі распавесці Вам пра новы экспанат, які быў набыты ў ліпені 2021 года для папаўнення этнаграфічнай экспазіцыі і фондаў Наваградскага краязнаўчага музея.

Гэта вышыты гладдзю дыван, які ўласнаручна вырабіла жыхарка Наваградка Вітко Надзея Сцяпанаўна ў 1970 годзе.

Гісторыя вышыўкі гладдзю бярэ свой пачатак у глыбіні стагоддзяў. Як толькі першабытны чалавек пачаў рабіць сабе вопратку, з'явіліся і першыя элементы вышыўкі. А на тэрыторыі Беларусі першую згадку пра вышыўку мы знаходзім у «Статуце Літоўскім».

У кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці і тонкасці рукадзелля. На Наваградчыне была папулярная мярэжка, вышыўка дробным крыжыкам і гладдзю, тыповыя насычаныя яркія арнаменты, вышытыя чырвоным па белым.

Вышытыя дываны досыць рэдкія, бо патрабавалі вялікай колькасці матэрыялаў і часу. А майстрыхі, а гэта былі маладыя дзяўчаты, у першую чаргу клапаціліся пра пасаг, які трэба было падрыхтаваць у час.

853