Даследчык і першапраходца Вячаслаў Чамярыцкі

Даследчык і першапраходца Вячаслаў Чамярыцкі

Вячаслаў Чамярыцкі, навуковец, беларускі філолаг і крытык, кандыдат філалагічных навук, наш зямляк, сёлета святкуе сваё 85-годдзе.  Мне пашчасціла сустракацца з Вячаславам Антонавічам гадоў дзесяць таму, калі ён прыязджаў на сустрэчу з вучнямі гімназіі №1 г.Дзятлава. Прыязджаў не толькі як зямляк, але і як даследчык старыжытнай гісторыі і літаратуры, які многае можа расказаць пра нашу мінуўшчыну, пра гонар і славу далёкіх стагоддзяў, што даўно зніклі за даляглядам, але не забыліся.

Дарога ў жыццё і ў літаратуру пачалася ў Вячаслава Чамярыцкага з вёскі Рабкі Дзятлаўскага раёна, дзе ён нарадзіўся летам 1936 года. Маці была хатняй гаспадыняй, займалася гаспадаркай, гадавала дзяцей. Калі ж сям’я неўзабаве пераехала ў Навагрудак, пайшла на маслазавод. Бацька працаваў будаўніком, быў майстрам на ўсе рукі. Ён у 1937 годзе купіў каля Навагрудка зруб, перавёз яго ў горад і збудаваў хату. Там сям’я Чамярыцкіх перажыла ваеннае ліхалецце. Праўда, падчас вайны Вячаслаў пераважна жыў у Рабках.  У ваенныя гады Вячаслаў Чамярыцкі пайшоў у школу, якая знаходзілася на ўскраіне Навагрудка. Але хутка школу спалілі партызаны. А пасля вайны хлопчыка запісалі ў другі клас беларускай школы, школа адчынілася ў будынку былой Наваградскай беларускай гімназіі, у якой яшчэ ў 1920-я гады вучыўся Барыс Кіт і выкладаў Язэп Драздовіч.

Вячаслаў Антонавіч успамінае: «Мая непісьменная маці хацела, каб я добра вучыўся, казала мне: вучыся, сынок, панам будзеш. І я стараўся, бо даволі рана зразумеў, што навука сапраўды дапаможа здабыць больш людское жыццё. Помню, як толькі навучыўся чытаць, палюбіў кнігу. Чытаў з вялікай ахвотай. Мне пашанцавала, бо ў школьнай і ў гарадской бібліятэках было нямала літаратуры. На руках жа ў людзей, па хатах, трапляліся рэдкія кнігі на польскай і беларускай мовах, творы Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, заходнебеларускія выданні. Паступова ў мяне ўзрастала моцная цікавасць і цяга да гісторыі і культуры Беларусі, да беларускай літаратуры і роднага слова. Гэтаму спрыялі і само асяроддзе горада, дзе тады яшчэ чулася беларуская гаворка, старасвецкія муры навагрудскага замка, дзе рэхам аддаваліся галасы далёкіх гераічных стагоддзяў, імя славутага Адама Міцкевіча, а таксама цалкам беларускамоўнае асяроддзе роднай вёскі, дзе былі закладзены асновы маёй беларушчыны».

Цікава, што выступаць у друку В. Чамярыцкі пачаў з вершамі (з 1952 г. у навагрудскай раённай газеце «Новае жыццё), а з 1959 г. — з рэцэнзіямі і артыкуламі пра творчасць маладых паэтаў.

У 1953 годзе Вячаслаў Чамярыцкі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння паехаў па размеркаванні настаўнічаць у Вілейскі раён, потым пераехаў у Маладзечна, дзе адпрацаваў інспектарам райана. І ў 1962 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. Ужо тады стаў сур’ёзна цікавіцца новай беларускай літаратурай, захапляцца творчасцю Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Аднак унікальная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага вызначыла навуковыя інтарэсы юнака. Яго прывабіла старажытная літаратура.

У 1967 годзе Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю, ён даследаваў беларускія летапісы і хронікі. Дысертацыя лягла ў аснову яго манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры» (1969 г.), якая стала першай грунтоўнай працай пра гэтыя каштоўныя помнікі беларускага летапісання, падрыхтаваная па-беларуску маладым беларускім вучоным. Набыты даследчыцкі вопыт даў Вячаславу Чамярыцкаму магчымасць плённа ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да друку тэкстаў беларускіх летапісаў і хронік у вядомай акадэмічнай серыі «Поўны збор рускіх летапісаў»; стаць суаўтарам яго заахвоціў знакаміты гісторык Мікола Улашчык. Вячаслаў Чамярыцкі падрыхтаваў і ў 35 томе (1980 г.) упершыню апублікаваў выдатны помнік летапісання Беларусі эпохі Барока – Магілёўскую хроніку (у арыгінале, на польскай мове). Па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле быў пачаты пераклад на сучасную беларускую мову і публікацыя для шырокага чытача (спачатку ў часопісе «Спадчына») летапісных помнікаў Беларусі. А ў 1997 годзе яны выйшлі асобным выданнем у мінскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор».

Вельмі плённымі ў навукова-творчай біяграфіі Вячаслава Чамярыцкага былі 1990-я гады, а таксама пачатак ХХI стагоддзя, калі ён узначальваў у Інстытуце літаратуры аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры. Выдатным дасягненнем таленавітага калектыву навукоўцаў, якім кіраваў Вячаслаў Чамярыцкі, сталі падрыхтоўка і выданне «Гісторыі беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў» у двух тамах і «Анталогіі даўняй беларускай літаратуры». Гэта шмат у чым новыя і арыгінальныя, сапраўды этапныя працы як паводле багацця выкарыстанага фактычнага матэрыялу, так і паводле сваёй навуковай канцэпцыі і грунтоўнасці выкладу. Яны з’яўляюцца шматгадовым плёнам удумлівых навукова-даследчых распрацовак іх аўтараў і лепшых дасягненняў усяго айчыннага літаратуразнаўства ў вывучэнні тысячагадовай пісьмовай спадчыны беларускага народа. Гэтыя працы – таксама і вынік уласных шматгадовых навуковых намаганняў Вячаслава Чамярыцкага ў галіне гісторыі старажытнай беларускай літаратуры.

Цяпер Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць ужо дома, сам і ў суаўтарстве з пісьменнікамі і навукоўцамі.

Выдаў «Наваградчыну літаратурную» разам з пісьменнікам Яўгенам Лецкам. Паспрыяў, каб нарэшце была перакладзена з лацінскай мовы на беларускую і выдадзена ўнікальная кніга пра гісторыю Наваградка, што ў 1759 годзе была апублікавана ў Львове і рэдкі асобнік якой ён ў 1980-я гады адшукаў у невычэрпных кніжных сховах Ленінграда.

Як і ў кожнага чалавека ў салідным узросце, ёсць ў Вячаслава Антонавіча пытанні, якія хвалююць бяссоннымі начамі. Засмучаюць фізічная нямогласць і старэчыя гады, немагчымасць працаваць у былым рытме, адыход у лепшы свет родных, сяброў, калег. Але асабліва балюча перажываецца катастрафічны стан беларускай мовы, самага каштоўнага, самага дарагога духоўнага скарбу беларускага народа, асновы яго нацыянальнай ідэнтычнасці, культурна-гістарычнай незалежнасці. 

Час бяжыць, мяняюцца пакаленні, але зробленае чалавекам застаецца на доўгія гады тым, хто прыйдзе пасля нас, хто будзе цікавіцца беларускай мінуўшчынай, набыткамі нашай гісторыі і літаратуры. І застанецца ў гісторыі імя нашага земляка – Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

686