Ваколіцы Наваградка. Уселюб

Сёння гаворка пойдзе пра цікавае і светлае месца на Наваградчыне, усяго ў некалькі кіламетрах ад самога горада. Ёсць такое меркаванне, што большасць мясцовых таксама не ведаюць гісторыю і важнасць гэтага мястэчка. А гаворка пойдзе пра Уселюб. Месца, куды раз трапіўшы, цябе больш не адпускае.

Чым жа можа прывабіць гэтае мястэчка? Перш за ўсё, Уселюб дастаткова старажытная вёска - упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1422 годзе (на пячатцы Яна Няміры).

IMG_1245

Па-другое, тут дзейнічае адзін з самых старажытных каталіцкіх храмаў на Беларусі – касцёл Святога Казіміра (гід пры касцёле можа зладзіць Вам файную экскурсію + тут ёсць «Дом Пілігрыма», месца для забаў (забавы 18 ст.), ужо працуе сувенірная крама, дзе можна набыць цудадзейныя народныя лекі і зёлкі для гарбаты + у хуткім часе тут запрацуе музей).

IMG_1248

IMG_1242

Па-трэцяе, у храме знаходзіцца вельмі незвычайная для Беларусі скульптура (дарэчы, адзіная ў краіне) – фігура Маці Божай Новага Жыцця. Фігура ўяўляе сабой цяжарную Багародзіцу. Да яе прыходзяць памаліцца тыя, хто марыць стаць бацькамі. На сённяшні дзень вядома 10 дзяцей, якія нарадзіліся дзякуючы малітвам Маці Божай Новага Жыцця.

IMG_2780

На тэрыторыі касцёла можна пабачыць цікавыя старыя могілкі. А калі будзеце размаўляць з гідам ці ксяндзом, то пачуеце гісторыю пра ксяндза, які пад час Другой Сусветнай вайны ахвяраваў сваім жыццём дзеля выратавання габрэйскіх дзяцей.

IMG_1251

Што ж цікавага тут яшчэ ёсць? Напэўна, габрэйская спадчына. Ва Уселюбе захаваўся будынак былой сінагогі, а таксама пякарня. Дарэчы, былая пякарня ўражвае сваімі памерамі.

Па дарозе ад цэнтра мястэчка да касцёлу, леворуч, можна пабачыць фрагменты былога сядзібнага парку. Таксама, ва Уселюбе захавалася царква Святога Міхаіла Арханёла, якая была пабудавана тут ў 1840 годзе. (Што цікава, царква носіць імя заступніка Наваградчыны, а касцёл патрона Гродзенскага біскупства).

CamScanner 08-17-2021 17.34n_1

Па-чацвёртае, на тэрыторыі касцёла знаходзіцца капліца апошніх уладароў Уселюба – ірландскага роду О'Руркаў (так, Наваградчына – гэта ўнікальнае месца, тут і ірландцы колісь жылі). Пры ОʼРурках Уселюб стаў адным з цэнтраў «галандскага» (і «швайцарскага») сыраварства ў Наваградскім павеце (дарэчы, 21 жніўня можна завітаць у Наваградак на гастра-фэст і пасмакаваць сыроў рознага гатунку, а потым завітаць у «Кавярню» на каву Міцкевіча і на чамброўскі макавы пірог, рэцэпт якога вядомы ўжо некалькі стагоддзяў).

IMG_1265

IMG_1264

Апошняе, што хочацца зазначыць, сёння Уселюб у нейкім сэнсе адраджаецца. І гэта ўсё дзякуючы ксяндзу Віталію (абавязкова пазнаёмцеся з гэтым чалавекам! гэта must), якія прыехаў у гэтыя мясціна 4,5 гады назад. Трапіўшы ў гэта мястэчка, Вы вельмі здзівіцеся. Адчуванне, як быццам бы трапіў у іншы сусвет.

Калі хтосьці ўжо вырашыў рушыць у кірунку Уселюба, нагадаем, што 21 жніўня (субота) пры парафіі святога Казіміра ва Уселюбе адбудзецца Хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі Novafest пад дэвізам «Пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе». Малітоўная праграма будзе ўключаць святую Імшу, Ружанец, Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, Адарацыю Крыжа. Што з цікавага і нестандартнага, на фестывалi можна будзе пачуць перакладзеныя на беларускую мову габрэйскія песні праслаўлення, натхнёныя Божым Словам, а таксама спакойныя спевы, якія дапамогуць з’яднацца з Богам у асабістай малітве (рэгістрацыя на фэст АБАВЯЗКОВАЯ).

*Паважанае спадарства, падаем для Вас мінімум інфармацыі, так як хочам, каб Вы самі адкрылі для сябе гэта мястэчка з яго цікавосткамі.

700