У лоеўскім Музеі бітвы за Днепр прайшоў навукова-практычны і адукацыйны семінар і круглы стол

20 жніўня 2021 года ў Музеі бітвы за Днепр прайшоў навукова-практычны і адукацыйны семінар і круглы стол “Партызаны. Эпізоды партызанскага жыцця як аснова практык асэнсавання гістарычнай памяці і камемарыялізацыйнай работы ў ХХІ ст.”.

Праца семінара і круглага стала была арганізаваная ў рамках работы фота-дакументальнага праекта “ПАРТЫЗАНЫ. ЭПІЗОДЫ”, прымеркаванага да 80-й гадавіны стварэння лоеўскага партызанскага атрада “За Радзіму”.

Экспазіцыйна-выставачны і даследчы праект “ПАРТЫЗАНЫ. ЭПІЗОДЫ” грунтуецца на музейных фондах і архіўных матэрыялаў і музейных прадметах са збору Музея бітвы за Днепр (Лоеў), архіўных фондах Дзяржархіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (Гомель), а таксама прадметаў з музейнага збору Суткоўскага дзіцячага садку ­– сярэдняй школы (Пярэдзелка). У рамках работы праекта таксама былі прадстаўленыя і вынікі палявой даследчай работы супрацоўнікаў Музея бітвы за Днепр па зборы ўспамінаў лаяўцоў – сведак ваенных дзеяў — дзяцей вайны, — які праводзіўся ў рамках работы Цэнтра дакументацыі культурнай спадчыны Музея цягам 2019–2021 гадоў.

Навукова-практычны і адукацыйны семінар і круглы стол быў прысвечаны асэнсаванню гістарычнай памяці і камемарыялізацыйнай работы ў культурна-адукацыйнай і даследчай працы навуковы-даследчых, культурных і адукацыйных устаноў Лоеўскага раёна.

Прагучаў шэраг дакладаў, прысвечаных рабоце з гістарычнай памяццю, у тым ліку практычнаму выкарыстанню метадалагічных напрацовак мэмары стадыс у галіне культурна-асветніцкай і адукацыйнай работы.

Так, дырэктарка Музея і аўтарка і куратарка экспазіцыйна-выставачнага праекта “ПАРТЫЗАНЫ. ЭПІЗОДЫ” Ксенія Сямашка падчас адкрыцця семінару ў сваім дакладзе “Партызаны-героі: праблематызацыя даследаванняў беларускага героіка-патрыятычнага эпасу” закранула тэму навукова-метадычнай пастаноўкі пытання пра работу з памяццю і распавяла пра вызначэнне праблемнага поля ваенна-гістарычных і антрапалагічных даследаванняў і іх прэзентацыі музейнымі сродкамі, іх ролі ў альтэрнатыўнай музейна-адукацыйнай рабоце.

Аспірант Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Колас свой выступ пра ролю і месца гістарычнага наратыву ў адукацыйным працэсе прысвяціў тэме рэпрэзентацыі ваеннай гісторыі ў навучальных праграмах сярэдняй школы. На прыкладзе работы Суткоўскага дзіцячага садку ­– сярэдняй школы ён распавёў пра магчымасці і плён уключэння ў адукацыйны працэс навукова-даследчай работы школьнікаў па даследаванню партызанскага руху Лоеўскага раёну.

Прадстаўніца Лоеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Шумігай распавяла пра краязнаўчую работу сваёй установы, у тым ліку пра вайскова-гістарычны яе кірунак, які з’яўляецца значным складнікам навукова-даследчай дзейнасці бібліятэкі.

У рамках работы круглага стала сямейнікі партызанаў падзяліліся ўспамінамі пра свае дзіцячыя гады, пра ранняе сталенне ў ваенныя часы і паваеннае жыццё.

Прагучаў шэраг іншых паведамленняў па тэме камемаратыўнай работы, удзельнікі і госці навуковага мерапрыемства абмеркавалі надзённыя праблемы работы з гістарычнай памяццю, яе асэнсаванню, у тым ліку на прыкладзе канкрэтных выпадкаў з гісторыі Лоева і лаяўцоў.

Завяршыўся семінар і круглы стол урачыстым адкрыццём часовай экспазіцыі — навукова-даследчага і экспазіцыйна-выставачнага фота-дакументальнага праекта “ПАРТЫЗАНЫ. ЭПІЗОДЫ”.

Са зместам работы навукова-практычнагаы і адукацыйнага семінару і круглага стола “Партызаны. Эпізоды партызанскага жыцця як аснова практык асэнсавання гістарычнай памяці і камемарыялізацыйнай работы ў ХХІ ст.” можна пазнаёміцца на яго старонцы па спасылцы тут.

720