Цікавы музейны прадмет. Энкалпіён

Шаноўнае спадарства,

Мы працягваем знаёміць Вас з найбольш цікавымі экспанатамі нашага музею. Сёння распавядзем пра рэшткі энкалпіёнаў, знойдзеныя падчас раскопак Замкавай гары.

Энкалпіён уяўляе сабой невялічкі нацельны крыжык-каўчэг, у якім захоўваліся мошчы святых, асвечаная просфіра ці іншыя рэчы, якія павінны абараняць уласніка крыжыка ад усяго кепскага.

Першыя энкалпіёны трапілі на нашыя землі з Візантыі пасля хрышчэння Русі, але ў хуткім часе мясцовыя майстры ўзялі вытворчасць у свае рукі. Выраблялі іх з розных матэрыялаў, у тым ліку і з каштоўных металаў, і часта аздаблялі выявамі Хрыста і святых.

Энкалпіёны з Замкавай гары выраблены з бронзы і маюць падобнае аздабленне: у цэнтры змешчана фігура распятага Хрыста, а на канцах змешчаны выявы святых. Энкалпіёны з Наваградка датуюцца 11 - пачаткам 12 стст.

На жаль знойдзеныя ў Наваградку энкалпіёны не захавалі свайго змесціва, а таму мы не ведаем, якія рэліквіі насілі пры сабе жыхары нашага горада.

Убачыць гэтыя і шмат іншыя таямнічыя знаходкі Вы можаце ў нашым музеі. Чакаем!

Цвердахлебаў К.А.

749