Да 85-годдзя Генадзя Бураўкіна

28 жніўня мы адзначаем юбілей – 85 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна.

Нарадзіўся будучы паэт на Расоншчыне і да восьмага класа вучыўся ў Расонскай школе, а затым сям’я пераехала ў Полацк, дзе ён скончыў СШ № 1. Менавіта з Полацка бяруць пачатак і вытокі яго творчай біяграфіі. Тут, яшчэ школьнікам, ён друкаваў свае вершы на старонках мясцовай газеты.

Пасля заканчэння ў 1959 г. аддзялення журналістыкі БДУ працаваў у розных рэдакцыях: часопісаў «Коммунист Белоруссии» і «Маладосць», газет «Правда» і «Літаратура і мастацтва». Дзякуючы яго працы на пасадзе старшыні Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1978–1990), беларускае радыё і тэлебачанне сталі беларускамоўнымі. Яшчэ ў 1976 г. у складзе дэлегацыі БССР Генадзь Мікалаевіч удзельнічаў у рабоце ХХХІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, а з 1990 па 1994 г. з’яўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН. Пасля вяртання ж на радзіму ён некаторы час працаваў намеснікам міністра культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Памёр Генадзь Мікалаевіч 30 мая 2014 г.у Мінску.

Генадзя Бураўкіна мы ведаем як аднаго з самых яркіх беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя, у творчасці якога арганічна спалучаюцца грамадзянскі змест і тонкая, светлая лірыка. Нездарма на яго вершы напісана так шмат вядомых і любімых намі песень, уключаючы славутую «Калыханку».

У дзень нараджэння паэта ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працу выстава «І ў любві да цябе я не раз буду клясціся…», на якой прадстаўлены не толькі разнастайныя выданні з фондаў НПГКМЗ, а таксама шматлікія фотаздымкі і асабістыя рэчы, перададзеныя сям’ёй Бураўкіных.

803