Музейныя заняткі (у дапамогу педагогу)

Музей беларускага кнігадрукавання віншуе ўсіх з Днём ведаў! Жадаем, каб навучальны год стаў часам вялікіх поспехаў і перамог, творчай рэалізацыі і задавальнення дасягнутым.

Лёгка і з цікавасцю засвоіць тэмы са школьнай праграмы, значна пашырыць кругагляд і развіць soft skills можна ў музеях Полацкага запаведніка (поўную праграму глядзіце ў канцы навіны ). Іх супрацоўнікі падрыхтавалі цыкл музейна-педагагічных праграм для дзяцей 5—9-ці год. У рамках праграм «Музейны калейдаскоп» (для дзяцей 5 год), «Гісторыя звыклых рэчаў» (для дзяцей 6 год), «Мы прыйшлі ў музей» (для дзяцей 7 год), «Мой старажытны горад» (у 2 частках; для дзяцей 8 і 9 год) заняткі праходзяць у Музеі беларускага кнігадрукавання і ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага.

Для дзяцей 5 год прапануем заняткі «Запрашаем у свет кнігі», на якіх хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з элементамі канструкцыі кнігі, сучасным вырабам паперы і спосабам вырабу кнігі ў старажытнасці, разглядаюць вокладкі старадаўніх фаліянтаў, наведваюць майстэрню па перапісванні кніг і друкарню часоў Францыска Скарыны, а таксама выставу лепшых дзіцячых кніг.

Першакласнікаў чакаем на занятках «З гісторыі пісьмовых прылад». На іх дзеці даследуюць гісторыю самай галоўнай пісьмовай прылады — ручкі. Пры гэтым яны адпраўляюцца на шмат тысячагоддзяў назад, у часы зараджэння пісьменства, калі людзі замест паперы выкарыстоўвалі пясок і камень, а замест ручкі — уласныя пальцы. Дзеці знаёмяцца з першымі пісьмовымі прыладамі старажытнасці — пісаламі, якімі карысталіся жыхары не толькі Вавілона ды Егіпта, але і Полацка; дазнаюцца, як пісалі птушынымі пёрамі і як 200 гадоў таму прыдумалі пяро металічнае.

Другакласнікам прапануем заняткі «Мы прыйшлі ў музей». Даступнай іх узросту мовай музейны педагог расказвае пра задачы музея як захавальніка гісторыка-культурнай спадчыны, пра гісторыю беларускай рукапіснай і друкаванай кнігі. Школьнікі наведваюць скрыпторый часоў Еўфрасінні Полацкай і друкарню часоў Францыска Скарыны; пераходзячы з залы ў залу, яны дазнаюцца пра самыя цікавыя экспанаты і самыя займальныя факты пра іх. Напрыканцы сустрэчы маленькія наведвальнікі знаёмяцца з разнастайнасцю сучаснай айчыннай кнігі для дзяцей.

Для трэцякласнікаў мы падрыхтавалі некалькі заняткаў: «Нараджэнне кнігі» (на іх дзеці даведваюцца пра матэрыялы, якімі карысталіся розныя народы свету для пісьма і стварэння кніг у старажытнасці: камень, гліну, пальмавыя лісты, папірус, пергамен, бяросту і, нарэшце, паперу), «Як вучыліся дзеці раней» (знаёмяць вучняў з асаблівасцямі школьнага навучання ў XII і XVII стст.) і «Еўфрасіння Полацкая. Рукапісная кніга» (на якіх хлопчыкі і дзяўчынкі даведваюцца пра самыя старажытныя беларускія кнігі, з якіх матэрыялаў і, галоўнае, якім чынам яны ствараліся).

Чацвёртакласнікаў сустрэнем на занятках «Францыск Скарына — чалавек эпохі Адраджэння» (на якіх дзеці даведаюцца шмат цікавага пра эпоху, калі жыў славуты палачанін, і праводзяць рэканструкцыю яго шляху ад простага вучня да доктара навук) і «Сімяон Полацкі: муж дабраверны, кніжнай справе верны» (на якіх дзеці пазнаёмяцца з жыццём і літаратурнай творчасцю яшчэ аднаго знакамітага палачаніна, які стварыў адзін з першых буквароў у свеце).

754