Круглы стол да 15-годдзя Музея кнігі

Толькі адсвяткавалі 8 верасня Дзень нараджэння Музея беларускага кнігадрукавання, а ўжо 9 верасня яго супрацоўнікі — загадчык музея Славіна Гаўрылава і вядучы навуковы супрацоўнік Вера Ашуева — былі запрошаны ў Мінск на круглы стол, прымеркаваны да 15-годдзя Музея кнігі.

Музей, створаны на базе аддзела рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў 2006 г., за гэты час набыў шырокую вядомасць, ажыццявіў мноства цікавых выставачных праектаў, на якіх, вядома ж, пабывалі і калегі з Полацка. Супрацоўнікі Музея кнігадрукавання і Музея кнігі рэгулярна абменьваюцца вопытам на канферэнцыях, што праходзяць як у Полацку, так і ў Мінску.

У круглым стале, мадэратарам якога выступіў Алесь Суша, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, прынялі ўдзел вядомыя кнігазнаўцы, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк Беларусі. Сярод іх Аляксандр Гужалоўскі, Лора Доўнар, Юрый Лаўрык, Святлана Лявонцьева, Міхаіл Бараноўскі, Вольга Гулева, Галіна Варонава. Асабліва цікава было паслухаць гісторыю стварэння музея з вуснаў тых, хто стаяў ля самых вытокаў — цяперашніх і былых супрацоўнікаў: Таццяны Рошчынай, Галіны Кірэевай, Наталлі Марцынкевіч. Апрача віншаванняў і выступленняў, госці прывезлі падарункі. Не з пустымі рукамі з’явіліся і палачане.

Да свята было прымеркавана і адкрыццё выставы «5 + 5 + 5», якая размясцілася непасрэдна ў Музеі кнігі і прадстаўляе выбраныя рарытэты з багатых кніжных фондаў Нацыянальнай бібліятэкі.

725