Цікавы прадмет з фондаў музея - кніга "Курс лекцый аб славянскай літаратуры"-Парыж, 1845 г.

З 1840 па 1844 гады Адам Міцкевіч чытае лекцыі на кафедры славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс (фр. Collège de France), якая была адкрыта на аснове распараджэння французскага міністра асветы Віктора Кузена. Першая лекцыя Міцкевіча адбылася 22 снежня 1840 г. Усяго за чатыры няпоўныя "семестры" выкладання (звычайна са снежня па чэрвень; апошні скончыўся 28 мая 1844 г.) ён прачытаў больш за сто лекцый.

 У  1845 годзе ў Парыжы ў друкарні Бургундзіі і Марцінет (W drukarni Bourgogne et Martinet, przy ulicy Jacob, 30) надрукаваны курс лекцый аб славянскай літаратуры чацвёртага года выкладання  (“Kurs Czwartoletni (1843-1844) literatury slawianskiej wykladanej w kollegium francuzkiem”).

У гэты зборнік уключана 14 лекцый, якія А.Міцкевіч прачытаў 22 і 26 снежня 1843 г., астатнія 12 лекцый прачытаны ў 1844 годзе - 9, 16, 23, 30 студзеня,7, 12 лютага (СС.53-56 адсутнічаюць – 8 лекцыя), 12, 19 сакавіка, 23, 30 красавіка, 21 і 28 мая 1844г.

Вокладка кнігі папяровая. На 1-й старонцы вокладкі акаймленне ў выглядзе прамавугольнай рамкі з раслінным арнаментам па вуглах. У ніжняй частцы чорна-белы малюнак у выглядзе шчыта, у цэнтры якога абрэвіятура з дзвюх літар "EX".

Калісьці гэтая кніга належыла  Вандаліну Пуслоўскаму і Марце  Красінскай, аб чым сведчыць  авальны штамп на вокладцы кнігі, на старонках 51 і 126, на якім надрукавана: "Z ksiegozbioru Wandalina Puslowskiego i Marty Krasinskiej".

Гэты экземпляр патрапіў у музей  у  1970 годзе  з    Гродзенскага абласнога музея, і доказам таму з’яўляецца  прамавугольны штамп (дрэнна бачны) на першай і сямнаццатай старонках.

788