Цікавы прадмет з фондаў - кніга А.Міцкевіча. Парыж, 1849 г.

Сёння ў нашай рубрыцы гаворка пойдзе пра другі том зборніка паэтычных твораў А.Міцкевіча, выдадзены ў Парыжы ў 1849 годзе Плонам Фрэрэсам і Вікт̀орам Леку - "Œuvres poètiques complètes. Tome II". У гэты зборнік увайшлі “Крымскія санеты”, “Пан Тадэвуш”, “Паэзія”.

Глава “Паэзія” складаецца з пяці раздзелаў, у якія ўключаны 43 вершы розных жанраў: рамансы, творы ранняга перыяду, усходняя паэзія, любоўная лірыка, рэлігійныя творы.

Трэба адзначыць, што празаічны пераклад твораў Адама Міцкевіча з арыгінальнага выдання 1844 года на французскую мову зрабіў  Крысціан Астроўскі, таксама як і першага тома.

Кніга ў цвёрдым пераплёце з кардону, абцягнутага мармуровай паперай. На авантытуле і тытульным лісце надрукавана дастаткова падрабязная інфармацыя аб гэтым выданні, аўтары кнігі, а таксама аб выдаўцах. На франтыспісе змешчана ілюстрацыя пад назвай “Konrad Wallenrod”.

Наяўнасць штампаў дае магчымасць даведацца аб месцы бытавання дадзенага прадмета. Так, на тытульным лісце, у ніжняй частцы справа, масцікай фіялетавага колеру стаіць прамавугольны штамп "Нео-Филологическая Библиотека Наркомпрос”. Гэта - бібліятэка Неафілалагічнага інстытута, заснаваная ў 1921 годзе па ініцыятыве Народнага камісарыята асветы РСФСР, якая спецыялізуецца на замежнай літаратуры. Зараз - Усерасійская дзяржаўная бібліятэка замежнай літаратуры.

 Злева - фіялетавым чарнілам прастаўлены авальны штамп "БИБЛИОТЕКА ИНОСТРАННОЙ ЛИТЕРАТУРЫ", які паўтараецца на с.17 і на с.423.

Кніга паступіла ў музей у жніўні 1974 г. з рэзервовага фонду аддзела кнігазахавання Усесаюзнай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга бібліятэкі замежнай літаратуры горада Масквы. 

702