Экскурсанты-экстрэмалы

Хмурныя ды дажджлівыя лістападаўскія дні чамусьці прыцягальныя для аматараў падарожжаў. Вось і сёлета зачасцілі да нас арганізаваныя экскурсіі. Адна з вандровак была зладжана няўрымслівым журналістам Віктарам Бортнікавым. У складзе групы былі палачане рознага ўзросту і сацыяльнага стану, але аб’яднаныя невылечнай хваробай вандроўніцтва. У параўнанні з іншымі, звычайнымі – стандартнымі і камфартабельнымі - экскурсія выдалася бадай экстрэмальнай: за 5 гадзін было зададзена больш за 500 пытанняў,  дэталёва абследаваны такія дэталі сустрэтых аб’ектаў гісторыі і прыроды, на якія вока звычайнага чалавека нават не звярнула б увагі. Ажыўленыя воклічы здзіўлення, захаплення, жартаў гучалі пад дажджом у музеі, у Сар’янскім і Асвейскім парках, на беразе Асвейскага купелішча, па дарозе між узгоркаў, усеяных статкамі дзікіх парнакапытных, і, урэшце, у штабе “Белых варон”, дзе ля каміна адбылася вячэра-знаёмства і адразу ж ужо сяброўскае развітанне. Было агучана агульнае пажаданне працягваць дзейсную супрацу краязнаўчага напрамку ў супольным варыянце абмену вопытам і ўзаемадапамогі.

8