Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Зямля навагрудская, краю мой родны!..»


Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Зямля навагрудская, краю мой родны!..” прымеркавана да 190-годдзя з дня стварэння велічнай эпапеі Адама Міцкевіча, поўная назва якой – “Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве”. Шляхецкая гісторыя 1811-1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам.

Сёння няма такога кутка на зямлі, дзе б не ведалі і не чыталі твораў славутага сына беларускай зямлі, аднаго з найвялікшых паэтаў свету Адама Міцкевіча.

У аснову экспазіцыі пакладзена фотавыстава “Па мясцінах Адама Міцкевіча”, якая стала вынікам міжнароднага фотапленэра, які адбыўся ў 2008 г.

На экспазіцыі прадстаўлены творчыя працы фотамастакоў-беларусаў Валерыя Сібрыкава, Сяргея Плыткевіча, Валерыя Вядрэнкі, Віктара Сядых, Наталлі Ракіцкай, літоўцаў Сігітаса Канцявічуса, Рамуальдаса Вайткуса, паляка Ежы Пёнтака і інш.

Акцэнт зроблены на рукапісах паэмы ў перакладзе Пятра Бітэля і Язэпа Семяжона.

У вітрынах можна пабачыць выданні паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча ў перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Браніслава Тарашкевіча, Пятра Бітэля і Язэпа Семяжона, выданні на польскай мове. А таксама выданне “Пан Тадэвуш або апошні наезд у Літве” на польскай, беларускай і рускай мовах 1998 г.

Цэнтральнае месца экспазіцыі займае скульптура “Адам Міцкевіч” аўтара Андрэя Міхайлавіча Заспіцкага (Мінск, 1998).

Экспазіцыя дзейнічае з 10.01.2022 па 28.02.2022 па адрасе г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Куратар – Паліна Мікалаеўна Саўген. Тэл. +375 (17) 395-44-47.

513