Запрашаем адсвяткаваць Таццянін дзень разам!

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

ПРЭС-РЭЛІЗ

Творчы вечар паэта і кампазітара Таццяны Шурынавай

“Паэтычны снегапад” (Таццянін дзень)

27 студзеня 2022 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае адзначыць разам Таццянін дзень. Па традыцыі, якая ўжо даўно ўсталявалася ў народзе, гэта свята адзначаюць і ў Беларусі — нездарма Таццянін дзень часта храналагічна супадае з Днём беларускай навукі. Па царкоўным календары 25 студзеня — дзень, калі ўшаноўваюць святую пакутніцу Таціяну Рымскую, якая загінула за веру. Святая Таціяна лічыцца заступніцай ўсяго студэнцтва, таму ў гэты дзень адзначаюць сваё свята і студэнты ВНУ. Праваслаўныя па-ранейшаму моляцца Таціяне і просяць дапамогі ў вучэнні.

“Nomen est omen” (“імя — гэта лёс”), — казалі старажытныя рымляне. Рашучыя, мэтаскіраваныя, але чуллівыя і эмацыянальныя, Таццяны звычайна дабіваюцца поспеху ў любой прафесіі, а сярод беларускіх Таццян шмат вядомых дзеячаў культуры і навукі.

Таццяна Шурынава — кампазітар, паэт, аўтар пяці зборнікаў вершаў, член Саюза музычных дзеячаў Беларусі, фіналіст міжнародных паэтычных конкурсаў, педагог па вакалу. У яе творчай скарбонцы больш за 200 песень, якія выконваюць вядомыя беларускія спевакі Іскуі Абалян, Аляксандр Патліс, Влада, Вікторыя Алешка, Дзмітрый Качароўскі, Ксенія Сітнік і многія іншыя. Песні выдадзены на 8 дысках, гучаць у Беларусі і за мяжой, а таксама на радыёхвалях і ў тэлеэфіры.

Натхнёна гучыць кампазіцыя “Душы так хочацца святла” на вершы Т. Шурынавай у выкананні пераможцы дзіцячага конкурсу на “Славянскім базары”, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў Марыі Магільнай. “Патрэбны песні для душы, каб зіхацела ўсё наўкол, каб ноты светлыя ў цішы ляцелі птушкамі ў прастор. Патрэбны словы дабрыні, падтрымкі, чуласці, любові, каб душы нашыя жылі ў натхненні, радасці і згодзе,” — гэтыя радкі з песні можна лічыць творчым крэда Таццяны Афанасьеўны.

На творчай сустрэчы, прымеркаванай да Таццянінага дня, Таццяна Шурынава выканае ўласныя песні, прачытае вершы, адкажа на пытанні гледачоў. Пачатак а 15 гадзіне.

Уваход у музей — 50 кап.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

720