Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Роўна 290 год назад (17 студзеня 1732 года) нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У большасці яго імя асацыюецца менавіта з падзеламі колісь магутнай еўрапейскай дзярджавы.

Нарадзіўся будучы манарх у  Воўчыне. Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх, параднёнага з магнатамі Чартарыйскімі. Станіслаў Аўгуст быў чацвёртым сынам. Атрымаў добрае хатняе выхаванне і адукацыю. Скончыў калегіум каталіцкага ордэна тэатынаў у Варшаве. Быў інтэлігентным, здольным, з мяккім характарам. Ён, як тое даўней было заведзена ў магнацкіх сем’ях, удасканальваў свае веды падчас падарожжаў у Еўропу.

1763 год. Памірае кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст III. Кацярына ІІ плануе паставіць на чале дзяржавы паслухмянага чалавека. Расійская імператрыца разлічвала на падпарадкаванне сабе новага караля і на яго падтрымку ў заўладанні ўсходняй Беларуссю і ўсходняй Латвіяй. Пры падтрымцы расійскіх войскаў на элекцыйным сойме 6 верасня 1764 года Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём. Пасля элекцыі ён не меў намеру быць чыёйсьці бязвольнай марыянеткай. Ён лічыў, што павінен узяць на сябе місію рэфарматара Рэчы Паспалітай, і імкнуўся пераканаць у мэтазгоднасці сваіх планаў магутную пратэктарку. На жаль, так не сталася, хоць першыя гады праўлення новага караля і былі спакойныя.

Перыяд праўлення Станіслава Аўгуста прыпадае на 1764–1795 гг. – перыяд палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны, інтэрвенцыі Расіі і яе саюзніка Прусіі. Гэта час, калі суседнія манархіі – Расія, Прусія і Аўстрыя – дзялілі тэрыторыю Рэчы Паспалітай (падзелы 1772, 1793 і 1795 гг.), калі патрыятычныя сілы ў Польшчы, Літве і Беларусі на чале з Тадэвушам Касцюшкам узняліся на ўзброенае паўстанне ў 1794 г., каб ратаваць незалежнасць радзімы. Скончылася панаванне Станіслава Аўгуста ў 1795 г. ліквідацыяй Рэчы Паспалітай - 25 лістапада 1795 года Панятоўскі афіцыйна адрокся ад трона. Гэты акт афіцыйна спыніў існаванне Рэчы Паспалітай. У 1796 годзе Станіслаў Аўгуст быў выкліканы Паўлам I у Пецярбург, дзе ўтрымліваўся на пенсіі, выдзеленай Кацярынай II. Пражыў свае апошнія гады ў раскошы ў расійскай сталіцы.

Памёр Станіслаў Аўгуст у Пецярбургу, пахаваны ў касцёле Святой Кацярыны. У 1938 годзе астанкі былі перададзены польскім уладам. Іх перазахавалі на яго радзіме – у Траецкім касцёле мястэчка Воўчын, а 14 лютага 1995 года перазахавалі ў Варшаве. Праўда, у кафедральным саборы Святога Яна, а не на кракаўскім Вавелі – месцы пахавання польскіх каралёў.

696