130 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча

Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча.

Ён нарадзіўся 20 студзеня 1892 года на Віленшчыне.

Скончыўшы са срэбным медалём Віленскую гімназію, у 1911 годзе стаў студэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта. Там пад кіраўніцтвам выдатнага прафесара Шахматава і пачаў весці даследчыцкую мовазнаўчую працу. Займаўся вывучэннем рукапісаў і старадрукаў. Ужо ў студэнцкія гады распачаў працу над курсам граматыкі беларускай мовы. Вынікам гэтых даследаванняў стала выданне ў 1918 годзе ў легендарнай друкарні Марціна Кухты “Беларускай граматыкі для школ”.

У працы над гэтай кнігай Браніслаў Тарашкевіч стаў сапраўдным першапраходнікам. У яе аснову пакладзена шматгадовая праца па даследаванні спецыфікі гукапісу і вымаўлення ў беларускай мове. Сярод адметнасцяў вылучаецца найперш цвёрдае вымаўленне “Р” і характэрнае “моцнае аканне”.

Першае выданне граматыкі было зроблена двума шрыфтамі: кірылічным і лацінічным. Для беларускай лацінкі гэта была фактычна першая спроба ўнармавання правапісу.

Выдадзены Тарашкевічам падручнік стаў першай жыццяздольнай граматыкй сучаснай беларускай мовы, быў пакладзены ў аснову ўсіх далейшых ліній развіцця беларускай граматыкі. Кніга зведала 7 перавыданняў. Яе пятую рэдакцыю можна пабачыць на часовай экспазіцыі нашага музея “Залатая раніца беларускага Адраджэння” (дзейнічае да 31.01.2022).

Займаўся Б.Тарашкевіч і перакладчыцкай працай. Дзякуючы яму па-беларуску з’явіліся “Іліяда” Гамера і “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча (выданне кнігі, зробленнае ў 1984 годзе ў Ольштыне, прадстаўлена на музейнай выставе “Зямля навагрудская, краю мой родны!..” (працуе да 18.02.2022)).

У фондах Літаратурнага музея захоўваюцца і выдадзеныя ў Мінску “Беларуская граматыка” (1943 г.) і “Беларускі правапіс” (1941 г.), а таксама копіі фотаздымкаў Браніслава Тарашкевіча гімназічнай пары і 1930-х гадоў. Той, дзе літаратар з сынам Радаславам, патрапіў ў музей ад галоўнай дарадцы беларускіх літаратуразнаўцаў часоў 70-80 гг. Зоські Верас.

Асабісты жыццёвы шлях Браніслава Тарашкевіча быў няпростым. Апынуўшыся ў віхуры падзей рэвалюцыі і грамадска-палітычных зменаў 20-х гадоў, ён зведаў на сваім шляху і прызнанне, і пераслед, і шматлікія змены месцажыхарства, і турэмнае зняволенне. У засценках НКУС быў закатаваны і ў 1937 годзе расстраляны.

А зробленая ім праца дагэтуль застаецца падмуркам беларускага правапісу і мовазнаўства.

690