«Слаўлю дабрыню і чалавечнасць»

“Слаўлю дабрыню і чалавечнасць”

Пад такой назвай у Дзятлаўскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава Віктара Жыляніна, мастака з Гезгал, выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў. Работы, прадстаўленыя аўтарам на выставу, – гэта краявіды роднай зямлі, невялікія мясцінкі нашай Дзятлаўшчыны, мілыя сэрцу куточкі, якія прыкмеціла вока мастака. Віктара часта можна бачыць на прыродзе, на пленэры. Прыглядаецца, замалёўвае, запамінае, перапрацоўвае душой тое, што бачаць вочы. На выставе можна акунуцца ў свет мастака, у яго колеры і адценні, паспрабаваць спасцігнуць, што міла і дорага менавіта яму.

Мастакоў часта называюць людзьмі з іншага вымярэння. Магчыма, гэта так і ёсць, бо толькі яны могуць убачыць незвычайнае ў звычайным, сэрцам адчуць тое, што ў імклівай паўсядзённасці прамінаецца, не заўважаецца, чаму не надаецца ўвага. А між тым вакол нас існуе вечнасць, і ўвасоблена яна ў кожнай травінцы, кветцы, хмарцы на небе, гарачым промні сонца, неонавым святле  поўнага месяца. Работы Віктара Міхайлавіча вартыя паэтычнага радка, найлепшай мелодыі, ціхай, лагоднай, цёплай. Таму і ўзнікае той самы радок, што хвалюе, кранае і палітра фарбаў, і цяпло, якое лагодзіць вока і душу, і дабрыня, укладзеная ў малюнкі шчыра і на поўную моц.

Мальберт, рука, раскоша белізны…
Яшчэ штрышок – і ціха выплываюць
Дарога, дом, калодзеж і сляды
У дзіўны край маленства… Захапляюць,
І клічуць, і варожаць нада мной,
І просяць засяродзіцца, спыніцца,
Замерці на кароткі міг, застыць
І да вытокаў бацькаўскіх схіліцца.
О, як тужліва нешта ў грудзях,
Нібы дасталі на імгненне сэрца –
І хочацца ўспамінамі сагрэцца,
І хочацца прысесці ля вады,
Нагамі боўтаць у празрыстай плыні,
Піць водар траў, і кветак, і вятроў…
Мальберт, рука, папера – зноў мяне
Крылатасцю натхнення захапілі. (Алена Абрамчык)

Віктар Жылянін нарадзіўся ў  1 сакавіка 1971 годзе ў горадзе Мінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у вучылішча №148 на аддзяленне мастацкай апрацоўкі дрэва.

З 1990 па 1992 год служыў у арміі ў г.Брэсце. Пазней паступіў у Віцебскае культпрасветвучылішча на мастака-жывапісца, але праз тры гады перавёўся ў мастацкае вучылішча імя Глебава ў г.Мінск, якое скончыў у 1998 годзе.

Праз некаторы час пераехаў на Гродзеншчыну, бліжэй да родных па лініі маці, бо маці родам з Дзятлаўскага раёна, з вёскі Цяцейкі. Так і апынуўся ў мястэчку Гезгалы, дзе жыве і працуе сёння.

Віктар лічыць сябе імпрэсіяністам, мастаком уражанняў, хвілінных захапленняў, эмоцый. Піша найбольш у тэхніцы пастэль, хутка, за гадзіну-паўтары, каб не пагубляць колеры і пахі менавіта той хвіліны, якая захапіла, паклікала, прымусіла ўзяцца за мялок. Нібы спыняе час і перадае ігненне ўбачанага. Працуе ў розных жанрах, але самыя любімыя – пейзаж і нацюрморт. Акрамя пастэлі, выкарыстоўвае гуаш, алей, акварэль, калаж.

Кантэпцыя выставы  "Слаўлю дабрыню і чалавечнасць" – дабрыня, бо менавіта гэта чалавечая якасць з’яўляецца тым падмуркам, на якім базуецца чалавечнасць. Дабрыня – сястра любові, а любоў – найвышэйшая Божая сіла. Дабрыню мастак чэрпае ў акаляючай прыродзе і дзеліцца сваімі пачуццямі і перажываннямі з гледачамі. А каб славіць дабрыню, трэба самому мець у душы гэту якасць, несці яе па жыцці. І тут іграюць ролю зусім не словы і прыхожыя жэсты, а чалавечыя ўчынкі. Сям’я Жыляніных, Віктар і Аляксандра, маюць траіх дзяцей, сына і дзвюх дачок, некаторы час, пакуль жонка цяжка не захварэла, у іх сям’і гадаваліся дзве дзяўчынкі з інтэрната. Некалькі гадоў таму сям’я ўдзельнічала ў абласным эпапе конкурса шматдзетных сем’ў, а гэта сведчыць пра тое, што кожны з сямейнікаў – асоба і ў той жа час адно цэлае з астатнімі. Менавіта так павінна быць у сапраўднай сям’і, дзе дзяцей не дзеляць на сваіх і чужых.

Творы Віктара Жыляніна, якія знаходзяцца ў выставачнай зале нашага музея, умоўна можна падзяліць на тры групы – прырода, беларуская вёска і нацюрморт. Пранікнёна, душэўна, цёпла паказана кожная група работ, але асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на малюнкі, прысвечаныя вёсцы. Беларускія хаты і хаткі, закінутыя гаспадарскія пабудовы. Шчымліва балюча глядзець, як вёска вымірае, і ў той жа час светла ад фарбаў мастака, ад гармоніі таго, што адыходзіць і ніколі не вернецца, і таго, што наступае, прыходзіць на змену.

Віктар Жылянін – чалавек усебакова адораны. Ён не толькі малюе сам і вучыць маляваць вучняў Гезгалаўскай школы, займае з імі прызавыя месцы на мастацкіх конкурсах розных узроўняў, але таксама іграе на гітары, спявае свае песні і беларускую класіку. Прычым іграе віртуозна, нагледзячы на тое, што нотнай граматы не ведае. А які цудоўны ў яго голас, мяккі, пяшчотны, лагодны! Слухаў бы і слухаў. На адкрыцці выставы мастак выканаў тры песні для прысутных.

Творчага плёну Вам, паважаны Віктар Міхайлавіч, натхнення і новых уражанняў.

Выстава “Слаўлю дабрыню і чалавечнасць” будзе працаваць у музеі да 31 сакавіка. Шчыра запрашаем – не пашкадуеце.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

606