Выйшаў з друку «Музейны сшытак 4»

Найгалоўнай функцыяй музеяў з’яўляецца збіранне і захаванне культурных каштоўнасцей, матэрыяльных сведчанняў пра тую ці іншую асобу, альбо з’яву гісторыі – нашу гістарычную памяць. Не менш важна, каб усе зацікаўленыя мелі магчымасць у той ці іншай форме карыстацца гэтымі скарбамі, адкрываць для сябе невядомыя факты, новыя старонкі жыцця знакавых постацей беларускай культуры.

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча мэтанакіравана працуюць у гэтым кірунку і прадстаўляюць вашай увазе “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 4”. У кнігу ўключаны эпісталярый сваякоў і сяброў сям’і Багдановічаў, які раскрывае стасункі ў бліжэйшым атачэнні Максіма Багдановіча, стаўленне да яго творчасці, складанасці сямейнага жыцця Марыі і Адама Багдановічаў, успаміны пра нарадавольніцкую дзейнасць бацькі і малавядомыя згадкі пра дзяцінства самога паэта. Упэўнены, выданне паслужыць добрай дакументальнай асновай для новых багдановічазнаўчых даследаванняў.

Укладаннем “Сшытка 4”, напісаннем каментароў і ўступных артыкулаў займаліся Юлія Мацук і Ірына Мышкавец, дапамогу ў падрыхтоўцы тэкстаў да публікацыі ажыццяўлялі Жанна Антусевіч, Алена Кніга, Алена Варанец, Валянціна Кароткіна і Міхаіл Бараноўскі. З выданнем можна пазнаёміцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, а таксама атрымаць па заяве для вашай установы ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

722