Выстава фатаграфіі і аўтарскай інсталяцыі Кацярыны Кенігсберг «КРОК ЗА КРОКАМ»


15 чэрвеня 2022 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы фатаграфіі і аўтарскай інсталяцыі Кацярыны Кенігсберг “КРОК ЗА КРОКАМ”. Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў.

 

Выстава фатаграфіі і аўтарскай інсталяцыі Кацярыны Кенігсберг “КРОК ЗА КРОКАМ” уключае фрагменты некалькіх праектаў, створаных з 2017 па 2022 гады. Дыяпазон прадстаўленых работ вельмі шырокі: фатаграфіі, выкананыя ва ўнікальнай аўтарскай тэхніцы, фотафільм, асамбляжы, калажы.

У кантэксце праекта “У сітуацыі нявызначанасці” мноства невідавочных фактараў, якія абапіраюцца на аўтарскі тэкст. Выявы, якія драбяцца ў асколках люстэркаў, уводзяць у свет іншай рэальнасці, які кожны стварае сам для сябе.

Трыптых “Уяўны пейзаж”, “Поўня” і “Ліст” дае магчымасць для разважанняў, прычым “Уяўны пейзаж” кожны можа імгненна ператварыць у пейзаж індывідуальны, варта толькі крыху пасунуць лінію ўмоўнага гарызонту.

Інсталяцыі “Хвіліну таму”, “Знікаючая рэальнасць”, “Няпарныя звя(з)кі” пабудаваны на аптычных ілюзіях, гульні святла і цені, адлюстравання і ўяўлення.

Фатаграфіі з серыі “Гараджане”, фотафільм “Stardust” (“Зорны пыл”) і серыя фатаграфій з праекта “Summerwind” (“Летні вецер”) аб'яднаны ў экспазіцыі ў адзін раздзел, які прадстаўляе розныя бакі жыцця гараджаніна: ад жорсткай паўсядзённай гонкі за знікаючай рэальнасцю да расслабляльнага, нават бяздумнага адпачынку на прыродзе.

Праект “Арт-санаторый” – іранічнае прадстаўленне амаль бязмежных магчымасцей сучаснага мастацтва, куратарскай дзейнасці ў сучасным мастацтве і яе навуковага асэнсавання – тых сфер дзейнасці, якія з'яўляюцца асноўнымі для аўтара выставы.

Выстава фатаграфіі і аўтарскай інсталяцыі Кацярыны Кенігсберг “КРОК ЗА КРОКАМ” – гэта своеасаблівы калаж з думак аўтара, які прадстаўлены ў розных формах. Усе гэтыя элементы ўтвараюць непаўторны візуальны код, які кожны глядач можа па-свойму расшыфраваць. Праект падштурхоўвае да разважанняў і дае магчымасць знайсці ў творах мастака адлюстраванне сябе і сваіх пачуццяў.

Кацярына Якаўлеўна Кенігсберг – кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выстаў і міжнародных выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой, дацэнт, начальнік аддзела міжнародных сувязей установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”, сябра грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”.

Куратар выставы
Хань Юнган

Арт-гасцёўня “Высокае мѣста”
г. Мінск, Герцэна, 2а
серада – нядзеля, 11.00 - 19.00
(017) 342 24 26; (017) 354 26 57
minskmuseum.by

Уваходны квіток у галерэю:
5,00 руб. – для дарослых
3,50 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў
2,50 руб. – для школьнікаў

78