15 жніўня — Дзень археолага

Нягледзячы на тое, што дата 15 жніўня дагэтуль афіцыйна не замацавана як прафесійнае свята археолагаў, гэты дзень — заўжды цудоўная нагода, каб узгадаць найбольш цікавыя вынікі працы даследчыкаў старажытнасцей, схаваных у багатых нетрах Полацкай зямлі.

На працягу некалькіх апошніх год самым важным аб’ектам археалагічных даследаванняў у Полацку з’яўляецца тэрыторыя Верхняга замка, дзе працягваюцца работы па рэканструкцыі былых карпусоў гарадской бальніцы пад кадэцкае вучылішча.

Маштабныя археалагічныя раскопкі дазволілі па-новаму зірнуць на гістарычную тапаграфію Полацка, прасачыць заканамернасці фарміравання культурнага пласта ў розных частках тэрыторыі Верхняга замка, вызначыць ступень захаванасці помніка, выявіць новыя археалагічныя комплексы і больш поўна даследаваць ужо вядомыя аб’екты. За час працы (з 2019 г.) былі распрацаваны тры раскопы (два — у заходняй частцы Верхняга замка, пад кіраўніцтвам І.У. Магалінскага, адзін — ва ўсходняй частцы, пад кіраўніцтвам М.В. Клімава). Археолагамі назапашаны некалькі дзясяткаў тысяч знаходак, якія дазваляюць істотна пашырыць нашы ўяўленні адносна старажытнай гісторыі горада.

Сярод найбольш значных аб’ектаў, што былі даследаваны падчас раскопак (у тым ліку і ў бягучым археалагічным сезоне) варта адзначыць раней невядомы навукоўцам старажытны полацкі некропаль, што налічвае не менш за 112 пахаванняў, у асобных нават захаваўся інвентар. Могільнік магчыма датаваць у межах XII—XIII стст., а некаторыя пахаванні — і больш раннім часам.

Яшчэ адным надзвычай цікавым аб’ектам, што быў даследаваны ў сезоне 2022 г., з’яўляецца так званы «княжацкі церам» (ці «палац»), які быў упершыню выяўлены і навукова апісаны П.А. Рапапортам у 1976—1977 гг. У ходзе археалагічнага нагляду за землянымі работамі была раскрыта паўднёвая сцяна падвала «церама», складзенага з камянёў. Праведзеная праца дазволіла ажыццявіць надзейную прывязку дадзенага аб’екта на мясцовасці, што ў далейшым паспрыяе планаванню будаўнічых работ на ўказаным участку Верхняга замка з улікам размяшчэння помніка.

Сярод тысяч каштоўных артэфактаў і аб’ектаў, выяўленых падчас прац на тэрыторыі Верхняга замка, вылучаюцца прадметы хрысціянскага культу, упрыгажэнні, разнастайныя вырабы з дрэва і косці, кераміка, прадметы побыту, рэшткі старажытных драўляных пабудоў і інш., але асаблівую ўвагу навукоўцы надаюць дзвюм знаходкам апошняга часу.

У іх ліку полая падвеска-канёк з шумячымі падвескамі. Аналогіі падобных вырабаў вядомы ў Ноўгарадзе, Цвярской і Уладзімірскай абласцях Расіі. Прадмет зроблены з алавянай бронзы са значнай прымешкай сурмы, што не ўласціва для мясцовай ювелірнай вытворчасці і можа ўказваць на імпартнае паходжанне артэфакта. Падвеску трэба датаваць у межах ХІІ—ХІV стст.

Падвеска-канёк з шумячымі падвескамі ХІІ–ХІV стст.

Другой рэдкай знаходкай з’яўляецца сякера ХІІ ст. з трыма клеймамі, адно з якіх уяўляе знак Рурыкавічаў.

Сякера ХІІ ст.

Супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прымаюць самы актыўны ўдзел у даследаваннях на тэрыторыі Верхняга замка. Яны ж таксама ажыццяўляюць археалагічны надзор на розных аб’ектах будоўлі ў межах Гістарычнага цэнтра Полацка, удзельнічаюць у архітэктурна-археалагічных даследаваннях на гістарычных будынках, што маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Па традыцыі 15 жніўня мы ўспамінаем імёны тых даследчыкаў, якія ўнеслі свой уклад у археалагічнае вывучэнне Полацка, і шчыра віншуем сучасных навукоўцаў — нашых паважаных калег!

510