Музейна-педагагічны занятак: «Саламея Пільштынова-Русецкая» Першая беларуская лекарка (Частка 1)

Музейна-педагагічны занятак: "Саламея Пільштынова-Русецкая"

Першая беларуская лекарка

(Частка 1)

Бываюць рэдкія выпадкі, калі гісторыкам не даводзіцца па крупінках збіраць факты, каб расказаць пра жыццё і дзейнасць каго-небудзь з тых, хто варты ўдзячнай памяці нашчадкаў, бо чалавек сам пакінуў свой падрабязный жыццяпіс. З шэрагу падобных людзей і беларуская лекарка Саламея Пільштынова-Русецкая.

У 1760 годзе яна ўзялася за напісанне кнігі, поўнае назва яе такая: “Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантураў майго жыцця на чэсць і хвау Пану Богу, у Святой Тройцы Адзінаму, і самой Святой Маці Хрыста Пана майго і ўсім святым”. Кніга належыць цяпер да лепшых узораў беларускай літаратуры ХVIII стагоддзя, а сучаснаму чытачу вядома пад назвай “Авантуры майго лёсу”. Жыццё С. Пільштыновай-Русецкая сапраўды поўнае прыгодаў.

Упершыню яна зірнула на свет на Наваградчыне ў 1718 годзе ў хаце Яўхіма Русецкага. Выхоўвалася ў дружнай сям`і, змалку зачароўвалася казкамі, паданнямі, якія расказвалі ёй і бацька, і маці, і бабуля. Бацька, да ўсяго, быў заўзятым паляўнічым. Ад яго  захапленне перадалося і Саламеі. Праўда, не сказаць, каб яно вельмі падабалася яму. Не жаночая справа… Але ўгаворы нічога не давалі. Саламея настойвала на сваім, чпсам і адна ішла ў лес. Любіла паблукаць у цішы, а то і дзічыну ўпаляваць. Валодала стрэльбай упэўнена, і вока меткае мела. Дзівіліся мужчыны з яе захаплення.

Бацька ж, па праўдзе кажучы, таксама недзе ў душы ганарыўся дачкой, што такая настойлівая, за сябе пастаяць можа. Яшчэ боль здзівіўся, калі Саламея пачала зёлкі розныя збіраць і засушваць. Ніхто ж ёй нічога не гаварыў пра лекавыя ўласцівасці той жа піжмы, трыпутніку, валяр`яны. Сама да ўсяго дайшла. Было на той час Саламеі адзінаццаць гадоў, дванаццаты пайшоў. Сваты пачалі завітваць. Бацька спыніў выбар на ўрачы Якубу Гальпіры, які паходзіў з Нямеччыны, ды па нейкіх справах апынуўся на Навагрудчыне. Спадабаўся ён Яўхіму Русецкаму, што прафесію патрэбную меў. Чым не пара дачцэ. Паколькі яна цягу да медыцыны мае, дык няхай разам жывуць. Паразуменне ў сям`і – адна з перадумаў шчасця. А што не католік – такой бяды.

Аднак нямецкае паходжанне Я. Гальпіра, яго лютэранства прымцсілі маладых людзей сутыкнуцца з першымі цяжкасцямі. Я. Гальпір не мог разлічваць на пасаду пры двары каго-небудзь з тутэйшых магнатаў, тыя інверцаў не прымалі. Тады і прапанаваў Якуб маладой жонцы ў пошуках шчасты накіравацца ў далёкую Турцыю.

Крыніца: Міхась Яновіч. Энцыклапедыя ”Народнай волі”, выпуск №32. 4 снежня 2001г.

608