Інтэлектуальныя гульні на канікулах

Восеньскія канікулы – першы час адпачынку школьнікаў у бягучым навучальным годзе. Супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка традыцыйна дапамагаюць юнаму пакаленню арганізаваць яго цікава і пазнавальна. Юнакам і дзяўчатам прапануюцца экскурсіі, выставы і квэсты. Асобай папулярнасцю па-ранейшаму карыстаюцца квэсты. Прычым у інтэлектуальныя гульні з задавальненнем гуляюць як навучэнцы гарадскіх школ, так і школ раёна. Найбольшую актыўнасць у выкананні заданняў квэстаў праявілі навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа №6 г. Полацка», УА «Полацкая дзяржаўная гімназія №1 ім. Ф. Скарыны», а таксама ДУА «Ветрынская сярэдняя школа ім. Д.У. Цябута Полацкага раёна». Тэматыка квэстаў розная: хтосьці шукаў адказы на «Загадкі музейнага кашалька», хтосьці спрабаваў высветліць імя «духу» – апекуна музея, а кагосьці прыцягнуў «Музейны арсенал». Аднак усіх удзельнікаў гульняў аб'ядноўвала жаданне глыбей пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю і добры настрой.

577