Выстава да 92-годдзя Ўладзіміра Караткевіча


У Аршанскім музеi У.С.Караткевiча 8 лістапада 2022 г. распачала работу выстава, прысвечаная 92-годдзю з дня нараджэння пісьменніка,  “Уладзімір Караткевіч – вядомы і невядомы” (у рамках праекта ”Беларускі кінематограф 60-80-х гг. ХХ стагоддзя ў кінаплакаце“) з фондавых збораў МКГКА і Музея гісторыі беларускага кіно.

Наведвальнікі выставы ў Аршанскім музеі У.С.Караткевіча змогуць убачыць кадры з кінафільмаў, знятых па сцэнарыях У.Караткевіча: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, фотаздымкі са спектакляў “Кастусь Каліноўскі” і “Званы Віцебска”, а таксама кінаафішы да фільма “Дзікае паляванне караля Стаха”, прадстаўленыя на выставу Музеем гісторыі беларускага кіно. На выставе будуць прадстаўлены асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча,  а таксама дакументы, звязаныя з асобай пісьменніка: запрашэнні на святочныя прыемствы, запрашэнні і праграмы да спектакляў “Кастусь Каліноўскі”, “Званы Віцебска”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Вераб’іная ноч”, “Ладдзя роспачы”.

Асаблівае месца на прадстаўленай выставе будзе займаць пасмяротная маска Уладзіміра Караткевіча, зробленая ў дзень пахавання пісьменніка і перададзеная ў фонды Дубянецкай Галінай Міхайлаўнай ў маі 1994 года.

Выстава будзе дзейнічаць з 8 лістапада 2022 г. па 30 лістапада 2022 г. штодзень, апрача панядзелка, з 10.00 да 18.00.

Чакаем Вас па адрасе: г.Орша, вул. Уладзіміра Ленiна, 26.

Тэлефон для даведак: 8 (0216) 51-18-49, 53-35-59.

264