Лекция: «140 лет со дня рождения Якуба Колоса»

Якуб Колас і Лунінеччына

У "Справе выкладчыка беларускай мовы БДУ імя Леніна Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа)", якая пачата 3 снежня 1923 г. і закончана 1 лютага 1926 г., што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве ў г. Мінску (фонд 203, воп.З, справа 5563, л. З), ёсць такія радкі з аўтабіяграфіі паэта, якія належаць яго пяру:

"15 верасня 1908 г. я судзіуся выяздною сесіяю Віленскае судовае палаты у г. Менску па палітычнай справе і быў прысуджан на тры гады. У час заключэння выйшау з друку першы зборнік маіх лірычных твораў "Песні жальбы". Адбыўшы крэпасць, займаўся прыватнапедагагічнаю працаю, а таксама і літаратурнаю. У 1912 г. зноў паступіў на настауніцкую службу ў г. Пінску".

Яшчэ крыху пазней Якуб Колас успомніў:

"...адзінаццаты і пачатак 12-га года быў без месца, жыў у Лунінцы ў свайго таварыша В. Філіповіча, займаўся з яго платнымі вучнямі на яго ж кватэры. Красавік і пачатак мая жыў у Беларучы (25 вёрст ад Мінска) у свайго таварыша і "дарэктара" Івана Міцкевіча..." ("Калоссе", 1936).

Аб зняволенні ў Мінскім астрозе застаўся толькі ўспамін. 15 верасня 1911 г. Якуб Колас на свабодзе. Ён прыязджае ў родныя мясціны на Мікалаеўшчыну. Марудна цягнуцца тыдні ў пошуках педагагічнай работы. Паэт — у апале. Якой вучэбнай установе патрэбен "палітычна неблаганадзейны", ды яшчэ без дазволу на то вышэйстаячых? Думкі не давалі спакою паэту. Неадступна следавалі адна за другой, дзе знайсці прытулак. Успамінаюцца месяцы, праведзеныя ў турме:

Цесна мне тут, горка мне:
Просіць сзрца волі.
Плачуць думкі па вясне,
Хочуць лепшай долі...

Воля здабыта. Здавалася б, і лепшая доля павінна спадарожнічаць паэту. Але якая... Без кавалка хлеба.

Імпульсіўна б'юцца паэтычныя радкі-думкі — пасланнікі гаркаватага лёсу, якія выкліканы адзіноцтвам сумотнай восені і такім жа сумотным жыццём:

I мая, бы восень,
Доля невясёла,
I куды не гляну —
Глуха навакола,
Смутна аддаленне,
Хмызнякі, каменне...
I мяне людская
Хваля падхапіла,
I ў глыбокім віры
Моцна закруціла,
I нясе з сабою
Цяжкаю ступою.
Толькі ж не па шляху
Носяць мяне ногі, —
Вузкі мае сцежкі,
Зараслі дарогі.
Я іду — дыбаю,
А куды — не знаю!

Асобныя з сябрукоў, да якіх звяртаўся Якуб Колас за дапамогай падшукаць работу, ці зусім змоўчвалі, ці бездапаможна разводзілі рукамі.

Міцкевіч успамінае пра свайго добрага, сардэчнага друга па Нясвіжскай семінарыі Вікенція Філіповіча. Даведваецца, што ён настаўнічае ў Лунінцы ў народным вучылішчы. Хто ведае, а можа, адгукнецца Вікенцій?

Доўга адказу чакаць не давялося. Неўзабаве ў Беларучы прыходзіць пісьмо: "Буду рад бачыць... Прыязджай... Што-небудзь прыдумаем... Вінцук".

У лістападзе 1911 г. Якуб Колас ужо ў Лунінцы. Ён адшуквае кватэру свайго сябра ў доме на былой Садовай вуліцы (цяпер Савецкая). Філіповіч цёпла прымае паэта ў невялічкім пакойчыку, што прытуліўся пад самым дахам прыватнай хаціны аднаго з жыхароў г. Лунінца. Вінцук прапаноўвае сябру частку сваіх прыватных урокаў. Які-неякі кавалак хлеба будзе. Апальны літаратар згаджаецца — іншага выхаду няма.

Лунінец у той час уяўляў сабою быццам двайное пасяленне — пасад-станцыю і сяло. К. Міцкевіч і В. Філіповіч жылі ў пасадзе. Акрамя выкладання прыватных урокаў, Філіповіч меў гадзіны і ў народным вучылішчы.

Якуб Колас разумеў: пройдзе некалькі месяцаў, забудзецца яго "судзебная справа" і, хто ведае, можа, яму адчыняцца дзверы ў навучальную ўстанову. Пакуль жа тут, у станцыйным Лунінцы, ён знаходзіў захапленне ў творчасці.

У Лунінцы паэт стварае паэму "Сымон-музыка" і шэраг вершаў. Як заўсёды, Якуб Колас назіральны. Ён уважліва сочыць за жыццём мясцовых сялян. Вершы гэтага перыяду расказваюць аб сацыяльным уніжэнні мужыка, яго беднасці, турботных клопатах аб кавалку хлеба, аб тым, што суцяшэнне іншы раз ад чорных жыццёвых дзён ён знаходзіць у чарцы, ненавідзячы акаляючых яго багацеяў:

Мусіць, ведаюць, што нашымі
Слязьмі, потам бедачыннымі
Шчыра зліты нівы з пашамі,
Луг шырокі з азярынамі.
Суш, бяздожджыца, бязросіца...
Ох, знаць, будзе год галодненькі!
Не адзін тут разгалосіцца
З тваіх дзетак, край наш родненькі! (З верша "Сялянскія думкі")

У гэты ж час Якуб Колас піша вершы "Песня", "Пахмелле", "Песня п'янага", "Эй, скажы мне, небарача", "Вясною", "У дарозе...".

Паэт задае далека не рытарычнае пытанне, назіраючы за гаротнай працай мясцовага сялянства, перажываючы за яго цяжкі лес:

Эй, скажы мне, небарача,
Ты, каго ў ярме трымаюць,
Чые жыцце папіхаюць:
Сам гібееш, доля плача,
Ва ўсім чысценька нястача,
Сееш многа ты і дбала,
Хоць скупое тваё жніва,
Адкажыце мне праўдзіва —
Што цябе тут прыкавала?
Ці табе дарожак мала...

Але які ні дабрадушны Вінцук Філіповіч, усё ж Якуб Колас адчуў сябе ў адрыве ад паступальнага руху наперад, у адрыве ад літаратурных працэсаў. Усім сэрцам Колас цягнецца да аднадумцаў, вядзе актыўную нерапіску з рэдактарамі-выдаўцамі ў Вільні, супрацоўнікамі "Нашай нівы". Як бы між іншым ён скардзіцца на сваю адарванасць, цяжкія матэрыяльныя ўмовы. Прачытаем два пісьмы гэтага перыяду. Першае з іх — да Антона Антонавіча Грыневіча (1877 — 1941) — рэдактара-выдаўца, даследчыка беларускага фальклору.

"Мілы пане Грыневіч!
Цяпер пасылаю гэты расказ. Пачытайце. Гэта — толькі частка вялікага расказа "Новая зямля". Але як ён мае сваё збольшага скончанае аблічча, то я вам і пасылаю. Праз нядзелю вышлю вам першы расказ у прозе "Тоўстае палена". Ён яшчэ не скончаны, усё не маю часу. Але цяпер вазьмуся за яго. У мяне ёсць напісаны расказ "Як Янка забагацеў" (Калі хочаш быць багатым, не жыві па праўдзе, атруці) Узяты з народных твораў, напісаны вершам. Смешны і вясёлы. Можа, прыслаць?
У "Нашу ніву" нічога не пісаў. Газеты мне не шлюць. Не знаю, як іх прасіць, як іх маліць. Цяпер жыву ў Лунінцы Пінскага павета Мінскай губерні ў сябра-вучыцеля. Заработак дрэнны: маю ўсяго толькі адзін урок. Можа, хіба далей палепшае.
Мой адрас: с. Лунннец, Минск. губ. Пинского уезда. Мне, в народное училище.
Бывайце здаровы.
Усяго добрага.
Ці атрымалі "Прапаў чалавек"? За грошы дзякую.
Ваш К. Міцкевіч".

Тым часам адзіноцтва ўплывае на паэта. Усё супакаенне — у творчасці, размовах з Філіповічам, дзецьмі, мясцовай інтэлігенцыяй, якую ў той час у Лунінцы можна было пералічыць па пальцах. (Сярод лунінецкіх знаёмых Міцкевіча — настаўніца Любоў Мікалаеўна Савінская і фельчар Венядзікт Лявонцьевіч Сакалоўскі.)

...Нумары "Нашай нівы", якія дасылаліся настаўніку Міцкевічу ў Лунінец, прачытваліся ім ад першага да апопшяга радка. У думках ён быў там, у Вільні, сярод аднадумцаў, у рэдакцыі, выдавецтве. На самай жа справе...

24 студзеня 1912 г. з Лунінца Якуб Колас адрасуе Аляксандру Мікітавічу Уласаву (1874 — 1941), рэдактару газеты "Наша ніва", які ўзначальваў гэты друкаваны орган на працягу васьмі гадоў, ліст наступнага зместу:

"Дарагі Аляксандр Нікіціч!
Каб Вы ведалі, як Вы ўсцешылі мяне, напісаўшы колькі слоў! Ахвотна паехаў бы я да Вас у Вільню, але ў кішэні тонка. I, нягледзячы на гэта, я ўсё ж такі думаю пабыць у Вільні, толькі Вы памажыце мне. Я думаю паехаць да Вас 1 лютага на масленіцу, а ў Вільні быў бы 2-гаў 10 г. раніцою. Прышліце мне на дарогу грошы (білет у адзін канец каштуе 3 р. 64 к.) і напішыце, дзе я Вас магу знайсці. Рэдакцыя, напэўна, 2-га будзе зачынена, дык я зноў не буду ведаць, куды прыхіліцца і дзе каго шукаць. У другі час прыехаць не магу, бо не буду мець часу: жыву тут з таго, што займаюся ўрокамі. Дрэнная гэтая работа, і няма з яе ніякай карысці, абы не дома тырчаць.
Маю ўрокаў руб. на 25, ды і той не поўны. З двума рублямі, якія Вы прыслалі мне, выйшла абмыўка: гэтыя 2 руб. паслаў да Вас мой брат Алесь на газету, каб высылалі яе дадому, да маіх родных. Не пасылаў я Вам нічога затым, што нічога не знаў і не ведаў, бо газеты не чытаў. Цяпер пасылаю што-колечы, а далей прышлю болей; напішыце мне і зрабіце так, каб я мог паехаць у Вільню, Вас пабачыць і сябе паказаць, пагаварыць, як і што. Месца ніякога няма. Губернатар на прашэнне выдаць свідецельства аб палітычнай благанадзейнасці напісаў: "Отказать".
Пішыце ж. Чакаю.
Ваш Якуб Колас.
Пастскрыптум. Думаючы неўзабаве часу пабачыццаз Вамі, не пішу, як жывецца і як думаю жыць, хоць пра гэта многа і не трэба гаварыць: пасля вялікадня думаю шукаць урокаў у другім месцы. Тут надта дрэнна.
Якуб.
Пасылаю Вам цяпер "Трывогу". Вершы скора прышлю"

А.М. Уласаў з вялікай прыхільнасцю ставіўся да Якуба Коласа і яго твораў. Увогуле, па водгуках сучаснікаў, "дзядзька Улась быў чалавекам сапраўднага сэрца, дапамагаў пачаткоўцам, на старонках "Нашай нівы" ім заўсёды знаходзілася месца". У прыватнасці, у выданні, якое рэдагаваў А.М. Уласаў, надрукаваны наступныя лунінецкія вершы паэта:

"Песня" (№ 3, 19 студзеня 1912 г.), "Эй, скажы мне, небарача" (№ 21, 22 чэрвеня 1914 г.). Гэты верш напісаны 28 лютага 1912 г. Апавяданні "Трывога" (№ 5, 2 (15) лютага 1912 г.), "Недаступны" (№ 8, 23 (7) лютага 1912 г.), "Старасць не радасць" (№ 14, 5 (18) красавіка 1912 г.).

Гэта далека не поўны пералік твораў Я. Коласа, дасланых з Лунінца ў Вільню і апублікаваных у "Нашай ніве".

Характэрна, што апавяданне "Трывога" А.М. Уласаў надрукаваў менш чым праз месяц пасля атрымання.

Праз два нумары ў "Нашай ніве" з'яўляецца апавяданне Якуба Коласа "Недаступны". Псеўданім той жа — Тарас Гушча.

Вобразы Каруся Цеслі, Юркі Труса, Грыпіны, Антося Галавача, Тараса Рубяжа — прататыпы лунінчан таго часу.

Цяжкае жыццё мясцовага насельніцтва паказана Якубам Коласам і ў апавяданні лунінецкага перыяду "Старасць не радасць".

Нарэшце бура над галавой паэта паступова сціхае. Губернскае начальства ў сакавіку 1912 г. дазваляе яму заняць пасаду настаўніка двухкласнага вучылішчаў Куляцічах, адкуль неўзабаве ён перабіраецца ў Пінск, дзе працуе настаўнікам да 1915 г.

Вінцуку Філіповічу — моцны поціск рукі, падзяка за часовы прыют, як і Лунінцу — "Бывай, да сустрэчы". А яшчэ — словы:

З цяжкім смутам сэрца
Я вас пакідаю,
Мілыя малюнкі
Дарагога краю!..

На календары — сакавік 1912 г. Бывай, Лунінец, сябар Вікенцій, цесны пакойчык пад дахам і... Але ці назаўсёды?

Зімой 1947 г. Якуб Колас, ужо народны паэт Беларусі, зноў прыязджае на Лунінеччыну. Зіма 1947 г. Адбудоўваецца Беларусь, загойвае раны вайны. Наперадзе — выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Якуб Колас — кандыдат у дэпутаты вышэйшага органа Савецкай улады. Ён балаціруецца ад Мікашэвіцкай выбарчай акругі. Пясняр прыязджае на сустрэчу з выбаршчыкамі. Два дні ён жыве ў вагончыку, на паўстанку Мікашэвічы.

Мясцовае насельніцтва, даведаўшыся аб прыбыцці паэта, адразу рынулася да "часовай хаціны" жаданага госця. Тут жа, у вагоне, ён прымае прадстаўнікоў працоўных. Завязваецца душэўная размова. Усё цікавіць паэта: як загойваюцца раны вайны, якімі тэмпамі ўзнаўляецца пасёлак, колькі дэмабілізаваных воінаў вярнулася з вайны, ці нададзена належная ўвага з боку мясцовых улад інвалідам вайны? Распытваў паэт палешукоў і пра культурнае жыццё насельніцтва, ці дастаткова кніг у бібліятэках, што чытаюць людзі, ці досыць падручнікаў для дзяцей, асабліва — беларускіх. Відавочца той сустрэчы мінскі журналіст Яфім Садоўскі пазней успомніць:

"Размова ў той памятны для мяне вечар зацягнулася далёка за апоўнач. Некалькі разоў госці наважваліся падняцца, каб пакінуць вагон. Паэт быў ужо немалады і стаміўся. Але сам ён не дазваляў сваім новым знаёмым пакінуць вагончык, задаваў усё новыя і новыя пытанні..."

На другі дзень адбылася сустрэча кандыдатаў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР з выбаршчыкамі. Дом культуры ў Мікашэвічах быў запоўнены да адказу. Многія відавочцы не маглі змесціцца ў глядзельнай зале і стаялі ля дзвярэй. Якуб Колас у сваім пранікнёным сардэчным выступленні расказаў аб тым, як узнаўляецца жыццё ў шматпакутнай Беларусь нядаўна вызваленай ад фашысцкіх захопнікаў. Паэт душэўна расказваў аб сваёй дружбе з Палессем. Непадалёку ад гэтых мясцін знаходзіцца тое сяло, дзе ён у пачатку стагоддзя пачынаў сваю педагагічную дзейнасць...

У той дзень невядомы фатограф-аматар адлюстраваў паэта з выбаршчыкамі. На жаль, па тэхнічнай якасці гэты здымак перадруку не падлягае. Але на ім можна пазнаць людзей, што сфатаграфаваліся разам з песняром Беларусі. Гэта — Павел Герасімавіч Крышталь, пенсіянер, жыве ў Мікашэвічах. Былы памочнік сакратара Ленінскага райкама партыі Іда Маркаўна Саломік (Гольман), былы сакратар Ленінскага РК КПБ Рыгор Мікалаевіч Ігнаценка, настаўніца мясцовай школы Ніна Пятроўна Грышчанка, цяпер пенсіянерка, жыхарка г. Пінска. На гэтым здымку — і былы рэдактар газеты Ленінскага раёна А.I. Барысік, зараз дырэктар Запросскай васьмігадовай школы.

Андрэй Іванавіч расказвае:

— Сустрэча з народным паэтам Беларусі дарагім Якубам Коласам назаўсёды застанецца ў маёй памяці. Літаральна ўвесь раён тады, зімой 1947 г., вітаў жаданага абранніка народа. Да ўсіх ён быў уважлівы, усё яго цікавіла, пра ўсё распытваў...

Да прыезду на Палессе Якуб Колас сустракаўся з выбаршчыкамі Навагрудка. Тады ён сказаў:

"Дарагія таварышы, мае землякі і мае выбаршчыкі. Я выступаю перад вамі з пачуццём глыбокага хвалявання. Вялікі і цяжкі шлях пройдзен намі. Больш дваццаці год беларускі народ быў падзелен на дзве часткі. Мы ведалі, як цяжка вам жылося пры панскай Польшчы, як прыгняталі паны беларускі народ. У 1939 годзе ў выніку паходу Чырвонай Арміі беларускі народ уз'яднаўся. Вялікай была наша радасць.

Але ў 1941 годзе фашысцкая Германія вераломна напала на нашу краіну. Цяжкай была барацьба. Аднак беларускі народ з чэсцю адстаяў сваю свабоду і незалежнасць...

Дарагія таварышы! Я прыехаў да вас, каб прынесці вам самую шчырую, самую глыбокую падзяку за тое, што вы вылучылі мяне кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Я добра ведаю і памятаю, што такое дэпутат народа і якія яго абавязкі. Я абяцаю быць вашым верным слугою ва ўсім, апраўдаць ваша давер'е..."

На другі дзень паэт прыязджае ў вёску Сінкевічы. Насельніцтва, сяляне, школьнікі, інтэлігенцыя сустракаюць свайго кандыдата авацыяй. Праходзіць мітынг.

"Мне выпаў вялікі гонар вітаць Якуба Коласа, — расказвае Ірына Мікалаеўна Салтыкова, у той час сямікласніца, цяпер — настаўніца геаграфіі і біялогіі Сінкевіцкай школы. — Памятаю, што моцна хвалявалася, блыталіся словы.

Гаварыла па-беларуску. Якуб Колас уважліва слухаў і пасля майго выступлення сказаў:

"Мне радасна глядзець на падрастаючае пакаленне. Вы, піянеры і школьнікі, — наша будучыня. Любіце Радзіму, жывіце дзеля яе, услаўляйце родную старонку стараннай вучобай цяпер, а пасля — не менш стараннай працай..."

Сустрэча гэта адбылася ў нашай хаце-школе — цеснай і старой сямігодцы. Якуб Колас звярнуў увагу, у якіх складаных умовах займаемся мы. Аб гэтым ён вёў гаворку і з нашым настаўнікам Уладзімірам Вікенцьевічам Саўчуком, абяцаў дапамагчы нам пабудаваць новую дзесяцігодку..."

Захаваліся і ўспаміны У.В. Саўчука, які памёр у 1971 г.:

"Я тады загадваў сямігодкай. Пасля сустрэчы з паэтам у Сінкевічах не ўтрымаўся і напісаў яму пісьмо, у якім яшчэ раз меў смеласць напомніць аб нашай просьбе. Якуб Колас тэрмінова адгукнуўся ў зваротным лісце...

Памятаю, яшчэ пры сустрэчы Якуб Колас прасіў мяне запісваць народныя прымаўкі, прыказкі і дасылаць яму. Спытаў тады ён і пра лёс майго брата Канстанціна, з якім быў знаёмы даўно".

На бланку з грыфам "Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР" паэт паведаміў у Сінкевічы У.В. Саўчуку, што ён вёў размову аб будаўніцтве школы з міністрам адукацыі. Па рэспубліцы ў той час склалася са школамі складанае становішча: многа аб'ектаў яшчэ з мінулага года засталося недабудаваных. I міністэрства не мела сродкаў для ўзвядзення новых школ.

У заключэнне пісьма паэт абнадзеіў сельскага настаўніка, што ўсё ж міністр пайшоў насустрач. Ён абяцаў выдаткаваць 80 — 100 тысяч для будаўніцтва новай школы ў Сінкевічах.

Клопаты народнага абранніка і народнага песняра хутка падзейнічалі. Уладзіміру Вікенцьевічу неўзабаве паведамілі з Міністэрства адукацыі аб тым, што будаўніцтва Сінкевіцкай сярэдняй школы ўключана ў план капітальных работ на 1947 г. На першы квартал выдаткавана 60 тысяч рублёў.

У 1949 г. дзеці з Сінкевіч, Мокрава, Намакрава, Обруба і іншых навакольных вёсак святкавалі наваселле ў прасторным двухпавярховым драўляным памяшканні небывалых для таго часу памераў. Амаль 20 гадоў у школе, пабудаванай з дапамогай Якуба Коласа, раздаваліся дзіцячыя галасы. У 1977 г. падрастаючае пакаленне Сінкевіч святкавала чарговае наваселле: яно перабралася ў трохпавярховае сучаснае тыпавое памяшканне. Але памяць аб "школе Якуба Коласа" тут жыве.

Ну а які ж лёс коласаўскага пісьма да настаўніка У.В. Саўчука.

Былая настаўніца пачатковых класаў, жонка У.В. Саўчука, цяпер пенсіянерка, жыхарка в. Сінкевічы, Ніна Андрэеўна Саўчук пры сустрэчы сказала, што, магчыма, гэта пісьмо знаходзіцца ў сына Георгія, горнага інжынера, які жыве ў г. Славянску Данецкай вобласці.

Георгій Уладзіміравіч паведаміў:

"Сапраўды, бацька сустракаўся з Якубам Коласам, калі той прыязджаў у Сінкевічы знаёміцца з выбаршчыкамі. Ці было пісьмо бацьку ад Я. Коласа? Бачыў я яго гадоў 25 — 27 таму назад, пісьмо. Ведаю, што гэта пісьмо зацікавіла нейкі музей у Мінску, адкуль прыязджаў прадстаўнік і пісьмо забраў у бацькі...

З расказаў бацькі мне запомнілася, што Я. Колас быў блізкім сябрам старэйшага брата бацькі Канстанціна, з якім разам у 1908 ці 1909 годзе сядзеў у Віленскай турме. Таму калі паэт прыехаў у Сінкевічы і пачуў прозвішча Саўчук, дык пацікавіўся, а ці той родзіч ён Канстанціну Саўчуку, яго дарагому другу маладосці. Даведаўшыся, што гэта малодшы брат, Колас, натуральна, пачаў распытваць пра лёс Канстанціна. Такім чынам, звязваючым звяном, калі так можна сказаць, паміж бацькам і Я. Коласам быў брат бацькі Канстанцін, які даўно ўжо памёр у Польшчы..."

Лістапад 1911 — сакавік 1912 г. ... Два дні ў 1947 г. Лічаныя дні, тыдні, месяцы, аддаленыя 35 гадамі. Час, які воляй лесу занёс Якуба Коласа на Лунінеччыну.

661