Вяртаем забытыя імёны: майстар шахматных кампазіцый

Вяртаем забытыя імёны

Майстар шахматных кампазіцый

Цырулік Сцяпан Паўлавіч… Ці многія дзятлаўчане сёння памятаюць яго? Старэйшыя – магчыма, тыя, хто нейкім чынам быў звязаны са спортам, з шахматамі, любіў згуляць партыю-другую за сяброўскай гутаркай. Шкада, што так хутка бяжыць час, забываюцца падзеі, людзі, іх унёсак у агульную страву росквіту нашай малой радзімы, ды і ўсёй Беларусі. Але гэта заканамерна, нікуды не дзенешся, такі ход жыцця. І ўсё ж хочацца нагадваць землякам пра людзей знакавых, незвычайных, адораных талентам, які рабіў іх адметнымі. Такім чалавекам быў Сцяпан Паўлавіч.

Фотаздымак Сцяпана Паўлавіча Цыруліка і Ганаровая грамата, выдадзеная аб’яднаннем шашачна-шахматных клубаў Адэскай вобласці ў 1985 годзе, знаходзяцца ў фондах нашага музея. І ўсё. Ні слова пра ўладальніка, ні паўслова. Дзе шукаць? Спытала ў Валерыя Петрыкевіча, які шмат дзесяцігоддзяў быў звязаны са спортам на Дзятлаўшчыне. Чуў, кажа, быў такі шахматны кампазітар, але асабіста не быў знаёмы. А Вацлаў Залеўскі ўспомніў, што Цырулік быў аграномам, жыў ці ў Дварцы, ці недзе побач. Дапамаглі супрацоўнікі Дварэцкага сельскага савета, падказалі, што Сцяпан Паўлавіч жыў у Азяранах, а зараз там жыве адна з яго дачок – Таццяна Сцяпанаўна Мінкевіч. Так, дзякуючы неабыякавым людзям, нарэшце высветлілася, кім жа быў гэты чалавек.

Сцяпан Паўлавіч Цырулік нарадзіўся 15 студзеня 1927 года ў сяле Церны Ульянаўскага (зараз Роменскага) раёна Сумскай вобласці Украінскай ССР. Пасля вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў у званні чырвонаармейца, вызваляў Еўропу. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля вайны апынуўся ў Маскве, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, рускай дзяўчынай з Арлоўскай вобласці. Маладыя некаторы час сустракаліся, а потым ажаніліся, а ў 1950 годзе ў іх нарадзілася першая дачка.

У пасляваенны час бацька Сцяпана, Павел Давыдавіч, асеў у Азяранах і стаў першым старшынёй калгаса ў гэтай вёсцы. Менавіта ён запрасіў маладых пераехаць у Азяраны і ад калгаса паслаў сына вучыцца на агранома. Вучобу Сцяпан скончыў з чырвоным дыпломам і вярнуўся ў Азяраны, дзе і працаваў аграномам усё жыццё. Быў чалавекам адказным, бескампрамісным, ніколі не дазваляў сабе карыстацца службовым становішчам. Дачка Таццяна помніць бацьку вельмі строгім, змалку прывучаў ён дачок (а іх у сям’і было шэсць) да фізічнай працы. Дзяўчаты, падросшы, дапамагалі не толькі дома, але і ў калгасе – палолі, сушылі сена, убіралі лён. І не дай бог хто з сям’і прынясе дадому калгаснае. Калі маці пасылала на калгасны луг нажаць травы для цяляці, то хавалі ад бацькі, кармілі жывёлу, калі яго не было дома. Убачыць – давядзецца адказваць усім. Крыштальная сумленнасць была асноўнай рысай яго характару, хоць жылося небагата, ды і сям’я вялікая, восем душ.

Своеасаблівым хобі Сцяпана Паўлавіча былі шахматы. Захапіўся імі яшчэ ў дзяцінстве, прычым не проста гуляў, а займаўся складаннем шахматных кампазіцый. У гэтай галіне дасягнуў значных поспехаў, меў званне майстра спорту СССР па шахматнай кампазіцыі. А на практыцы быў сапраўдным віртуозам у сладанні шахматных задач, творцам. За гады творчасці апублікаваў больш за 800 задач розных жанраў, з якіх 250 адзначаны на конкурсах, 97 атрымалі прызы, 50 з іх – першыя месцы. Сцяпан Паўлавіч быў неаднаразовым прызёрам асабістых і камандных першынстваў Беларусі па шахматнай кампазіцыі.  Двойчы выйграваў усесаюзныя першынствы ў складзе зборнай БССР і пяць разоў станавіўся прызёрам гэтых спаборніцтваў, стаў пераможцам турніра кандыдатаў ў майстры спорту ў 1984 годзе ў раздзеле шматхадовых задач. Яго задачы публікаваліся ў розных перыядычных выданнях, у тым ліку ў газетаў “Перамога” і “Гродзенская праўда”.

Таццяна Сцяпанаўна ўспамінае, што гады праз два пасля бацькавай смерці да яго на магілу прыязджалі шасцёра шахматыстаў з розных куткоў СССР. Гэта былі яго калегі і сябры, але найлепшым сябрам быў шахматыст з Ліды Вацлаў Гебельт. Сябравалі шчыра, часта бывалі дома адзін у аднаго. Сцяпан складаў кампазіцыі, а Вацлаў іх рашаў. Вось такі тандэм.

Імя Сцяпана Паўлавіча Цыруліка ў шахматным свеце не забыта, яго камбінацыямі карыстаюцца, нешматслоўную інфармацыю можна знайсці на спецыяльных сайтах у інтэрнэце, там жа надрукаваны і яго кампазіцыі. А мы, землякі, узгадалі гэтага чалавека таму, што ён жыў і пахаваны на нашай дзятлаўскай зямлі, якая стала для яго, украінца, роднай, бо не было розніцы, хто ты па нацыянальнасці, галоўнае – быць чалавекам і прыносіць карысць зямлі, на якой жывеш.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

527