Прыйшла пара «Ката пячы»

Ігрышча “Ката пячы” спраўлялі і ў Каляды, і ў перадкалядны пост Піліпаўку, і на Міхайлу зімовага. У асноўным, гэта была пагулянка моладзі. Увогуле, ігрышча “Ката пячы” характэрна для Міншчыны, і ў XX стагоддзі даследчыкі фальклору шмат дзе яго фіксавалі. Моладзь збіралася ў нечыяй хаце, прыносілі з сабой пачастункі, а сярод іх самы галоўны — пірог або крэндзель у выглядзе ката: усе часткі цела з цеста, а хвост з печанай каўбасы. Часткі цела мацуюцца тонка выструганымі палачкамі або шпажкамі, вочы з чарніц або разынак, вусны – з морквы або іншай гародніны чырвонага колеру, вусы з палачак, вушы — са скарынак сала. Пакуль Кот пячэцца, усе частуюцца, танцуюць, спяваюць. Час ад часу пытаюцца ў гаспадыні, ці спёкся Кот. Нарэшце яго выносяць са словамі: “Ад печы да кута нясём лысага ката”.

Сапраўды, пірог у выглядзе ката гладкі, ніякага знаку поўсці. Яго падвешваюць за пояс да столі насупраць кута.

І вось першы гулец бярэ ў рукі вілкі, якімі з печы гаршкі выцягваюць, і, быццам бы на кані, скача да пірага: “Ад парога да кута еду па лысага ката. Цап за Ката!” Хто не змог адкусіць хвост, выконвае пэўнае заданне: пахадзіць буслом або пеўнем ля курыцы (гэта для мужчын), напаіць жураўля, станцаваць або праспяваць прыпеўкі (для жанчын), а той, што ў гадах — стаць на лаву і пракрычаць тры разы: “Мама, рыхтуй падушкі, замуж хачу!” або згуляць у гульню “Сарваць вішаньку”. Гэта эратычная гульня, калі жанчына стаіць на лаве, трымаючы ў роце вішню або цукерку, а мужчына павінен падскочыць і забраць у яе салодкае. Лічыцца, што кот - захавальнік шлюбу, сімвал сямейнага шчасця і дабрабыту, урадлівасці і пладавітасці. Таму гуляць у яго могуць як маладыя хлопцы і дзяўчаты, так і ўжо замужнія і жанатыя, дарослыя людзі - хіба каму не хочацца, каб усё пладзіла і нарадзіла і ў доме, і на агародзе? Наш кот - руды як сонейка, ён клапоціцца пра людзей, і чорнага ката, які сімвалізуе няшчасце, ён не любіць і праганяе прэч, каб нікому не шкодзіў і пары не разбіваў.

Запрашаем групы. даведкі па тэл.: +375295638493

615