Выстава дэкаратыўнай скульптуры Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча «Несучаснае мастацтва — 22»


24 лістапада 2022 года а 18-й гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы дэкаратыўнай скульптуры Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча “Несучаснае мастацтва - 22”. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў у рамках V трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарт - 22”.

Мікалай Байрачны і Юрый Гудзіновіч, сябры творчай суполкі “Коўня”, называюць сваё мастацтва “несучасным”. Мастакі не гоняцца за хуткаплыннай модай, яны ведаюць: людзі з годным культурным досведам шануюць традыцыю.

М. Байрачны і Ю. Гудзіновіч могуць зрабіць з метала што заўгодна – ад ювелірных упрыгожванняў да інтэр’ернай і ландшафтнай аздобы. Калісьці творчая суполка “Коўня” гучна заявіла пра сябе, аднавіўшы паводле апісанняў калекцыю Радзівілаўскай халоднай зброі для экспазіцыі музея ў Мірскім замку. Зробленае ўдзельнікамі “Коўні” упрыгожвае інтэр’еры Мінскай ратушы і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама цудоўна аздабляе прыватныя інтэр’еры.

Хоць кожны экспанат выставы самадастатковы ў эстэтычным і канцэптуальным сэнсе, сабраныя разам яны ствараюць ёмістае ўяўленне пра свет, які нас атачае. Тут у наяўнасці вобразы, што сімвалізуюць стыхіі – ваду, зямлю, паветра. У гэтых творах суіснуюць дзень і ноч, як два станы душы пад адной абалонкай, рэчаіснасць, да якой можна дакрануцца рукамі, і нябачны для вачэй уяўны свет. Тут, сярод аскепкаў міфаў, блукае водгулле сапраўднай гісторыі…

Кожная з кампазіцый – гэта займальны аповед, казка, легенда, у якіх за відавочным сэнсам абавязкова ідзе таямніца. Тут зашыфраваны старажытныя веды, рамантычныя гісторыі, якія трэба разгадваць… Кожная дэталь мае сэнс і пры ўважлівым разглядзе пачынае “размаўляць”. Каханне, ліслівасць, падман, высакароднасць – усё сплятаецца ў адным мастацкім “кубку”.

Традыцыя захоўваць халодную зброю на адмысловых падстаўках існуе ў грамадстве здаўна, але мастакі дасягаюць гармоніі ў спалучэнні анімалістычнай скульптуры і клінка. У кожнай кампазіцыі цэнтральным элементам і сэнсавым стрыжнем з’яўляецца той ці іншы ўзор халоднай зброі. Справа ў тым, што зброя, як нішто іншае адлюстроўвае тэхнічны ўзровень грамадства, характэрную для пэўнага часу эстэтыку і стылёвыя прыярытэты.

Экспазіцыю выставы дэкаратыўнай скульптуры Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча “Несучаснае мастацтва - 22” складаюць больш за 30 работ. Прадстаўленыя ўзоры зброі не з’яўляюцца копіямі пэўных аналагаў, а выраблены ў адпаведнасці з тэхналогіямі і мастацкімі перавагамі канкрэтнага перыяду ў гісторыі.

Байрачны Мікалай Іванавіч

1950 г. – нарадзіўся ў г. Баку;

1976 г. – скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па спецыяльнасці “Кераміка”;

з 1980 г. – сябра Беларускага саюза мастакоў;

з 1990-х гг. – займаецца камернай бронзавай пластыкай разам з Юрыем Гудзіновічам, спалучаючы яе з аўтарскай мастацкай зброяй, ствараючы рамантычныя кампазіцыі, напоўненыя глыбокім сэнсам.

Займаўся керамікай, ілюстраваннем кніг у супрацоўніцтве з выдавецтвамі “Юнацтва”, “Мастацкая літаратура”, удзельнічаў у стварэнні шэрагу анімацыйных фільмаў на кінастудыі “Беларусьфільм” у якасці мастака-пастаноўшчыка.

Гудзіновіч Юрый Уладзіміравіч

1950 г. – нарадзіўся ў г. Мінску;

1971 г. – скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава;

1979 г. – скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, кафедра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па спецыяльнасці “Мастацкая апрацоўка металу”;

да 1989 г. – выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэтральна-мастацкім інстытуце;

з 1990-х гг. – займаецца стварэннем сумесных работ з Мікалаем Байрачным.

З’яўляецца адным са стваральнікаў творчай групы “Коўня” і актыўным яе ўдзельнікам. У складзе “Коўні” удзельнічаў у мастацкім афармленні значных архітэктурных аб’ектаў Мінска (Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Палац Незалежнасці, калекцыя зброі для Мірскага замка).

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10

серада – нядзеля, 11.00 – 19.00

(017) 342 24 26

minskmuseum.by

Уваходны квіток у галерэю:

5,00 руб. – для дарослых

3,50 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў

2,50 руб. – для школьнікаў

34