
24 лістапада ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбылося адкрыццё выставы дэкаратыўнай скульптуры Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча “Несучаснае мастацтва - 22”. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў у рамках V трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарт - 22”.
Мікалай Байрачны і Юрый Гудзіновіч, сябры творчай суполкі “Коўня”, называюць сваё мастацтва “несучасным”. Мастакі не гоняцца за хуткаплыннай модай, яны ведаюць: людзі з годным культурным досведам шануюць традыцыю.
Кожная з кампазіцый – гэта займальны аповед, казка, легенда, у якіх за відавочным сэнсам абавязкова ідзе таямніца. Тут зашыфраваны старажытныя веды, рамантычныя гісторыі, якія трэба разгадваць… Кожная дэталь мае сэнс і пры ўважлівым разглядзе пачынае “размаўляць”. Каханне, ліслівасць, падман, высакароднасць – усё сплятаецца ў адным мастацкім “кубку”.
Экспазіцыю выставы дэкаратыўнай скульптуры Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча “Несучаснае мастацтва - 22” складаюць больш за 30 работ. Прадстаўленыя ўзоры зброі не з’яўляюцца копіямі пэўных аналагаў, а выраблены ў адпаведнасці з тэхналогіямі і мастацкімі перавагамі канкрэтнага перыяду ў гісторыі.