Да 85-годдзя Валянціна Булкіна

30 лістапада 2022 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння вядомага навукоўца Валянціна Аляксандравіча Булкіна (1937—2016), кіраўніка архітэктурна-археалагічных даследаванняў Сафійскага сабора ў Полацку 1975—1980 гг. Уклад В. А. Булкіна ў вывучэнне дадзенага помніка архітэктуры цяжка пераацаніць.

Валянцін Аляксандравіч Булкін (1937—2016) — савецкі і расійскі мастацтвазнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства, даследчык старажытнарускага мастацтва, педагог, вучань М. К. Каргера.
В. А. Булкін — выпускнік гістарычнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (цяпер — Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт). З 1973 г. выкладаў на кафедры гісторыі мастацтва (з верасня 2006 г. — на кафедры гісторыі рускага мастацтва) гэтай навучальнай установы. У 1975 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Італьянізмы ў старажытнарускім дойлідстве XVI стагоддзя». З сярэдзіны 1970-х гг. В. А. Булкін кіраваў Архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй ЛДУ-СПбДУ. Пад яго кіраўніцтвам даследавана некалькі дзясяткаў помнікаў старажытнарускай архітэктуры, апублікавана каля 200 друкаваных прац, у асноўным па тэмах, звязаных з вывучэннем гісторыі архітэктуры. Асаблівай любоўю даследчыка адзначаны помнікі старажытных Полацка і Ноўгарада. З вынікамі даследаванняў Сафійскага сабора В. А. Булкіным можна пазнаёміцца тут.

В. А. Булкін быў чалавекам творча адораным: пісаў вершы, эсэ, замалёўкі экспедыцыйнага побыту, якія ўвайшлі ў склад дзвюх кніг археалагічнага фальклору.

«ПЕДАГОГАМ АД БОГА» называла яго Ніна Мікалаеўна Каліціна (яна доўгі час узначальвала кафедру, на якой працаваў В. А. Булкін), адзначаючы, што Валянцін Аляксандравіч выдатна «ўпісаўся» ў студэнцкі, кафедральны і факультэцкі свет. Высокаадукаваны, артыстычны, выдатны апавядальнік, сціплы і далікатны чалавек, які меў талент памятаць і думаць пра іншых, — такім застаўся В. А. Булкін у памяці тых, хто яго ведаў.

«Мне хочацца... асабліва адзначыць культуру зносін Валянціна Аляксандравіча — як вусную яго гаворку, так і пісьмовую, часам мудрагелістую і незвычайную па пабудове, але заўсёды вельмі глыбокую ПА ДУМЦЫ» (Н. М. Каліціна).

Бываючы ў Полацку, В. А. Булкін абавязкова сустракаўся з супрацоўнікамі Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, з якімі яго звязвалі ў тым ліку і творчыя інтарэсы. Некаторыя вершы В. С. Чарняковай-Дзмітрыевай, якая доўгі час працавала ў запаведніку, былі апублікаваныя ў кнігах археалагічнага фальклору: зборніку «Мы по речке по Каспле идем… : экспедиционный фольклор искусствоведов» і кнізе В. А. Булкіна «Я не даю полезные советы…».

Мы прапануем вашай увазе фотаздымак, на якім сфатаграфаваны супрацоўнік запаведніка Вікторыя Сямёнаўна Чарнякова-Дзмітрыева і археолаг Васіль Аляксандравіч Булкін (малодшы брат Валянціна Аляксандравіча). Надпіс на фатаграфіі зроблены рукой Вал. А. Булкіна. У той дзень, 30 лістапада 1982 г., яму споўнілася 45 гадоў.

На адваротным баку фатаграфіі рукапісны тэкст Вал. А. Булкіна:

«30 ноября 1982 г.
 у Софийского с. в
 Полоцке
„… а мастер трудился
 худый и многогрешный,
а бают брательником при-
ходится среди археологов
отменному археологу
Василью прозваньем
будто Булкину. А стоит
он Васютка ошую Виктории
свет Семеновны, а на
той стороне. А смотрит
он Васенька ох да на
меня, а о чем думу ду-
мает того не сказывает.
А Виктория свет Семенов-
на яко маков цвет цветет
радостью. А и нам от того
затейно и светло делается.“
В. Булкин»

567