Новая выстава «Закаханы ў жыццё»

1 лістапада ў Веткаўскім музеі адкрылася новая выставачная зала і новая выстава "Закаханы ў жыццё"

На новай выставе вы ўбачыце, што карціны вісяць не толькі на сценах, а таксама і на столі!
Але гэта не наша такая прыдумка. Гэта ўсё Шкляраў!

Выстава "Закаханы ў жыццё" прысвечана заснавальніку і першаму дырэктару Веткаўскага - Фёдару Рыгоравічу Шкляраву.

У зале, дзе выстава і размясцілася, быў кабінет Фёдара Рыгоравіча, пакуль ён там працаваў (нажаль, Шкляраў памёр амаль роўна праз год пасля адкрыцця вялікага трохпавярховага будынку музея).

Сёлета супрацоўнікі адрамантавалі кабінет заснавальніка музея і стварылі тут новую экспазіцыю.

Гэтую залу думалі назваць мемарыяльным кабінетам. Але, хай яна будзе "міма-рэальнай". Так Галіна Нячаева (супрацоўніца музея з першых дзён працы сталых экспазіцый і нават крыху раней) назвала Фёдара Шклярава - міма-рэальны.

Галіна Нячаева пра выставу:

"Фёдар Рыгоравіч ва ўласнай майстэрні запоўніў усю столь сваімі карцінамі, а сцены – уперамешку старадаўнімі прадметамі, кнігамі і розным працоўным інструментам.

Менавіта так – выбудаваўшы лёгкую драўляную рашотку-аснову – мы і зрабілі: ушчыльную прымацавалі да столі «Кабінета» дзясяткі карцін заснавальніка музея. Дапоўнілі рэчамі з майстэрні майстра ды шэрагам фота.

На карцінах Фёдара Рыгоравіча – агулам веткаўскія пейзажы: стары парк, Сож, Шубінскі луг, дарога на Лявонцьева – усё дыхае і свеціць, і размаўляе з намі"

*На фота некалькі кадраў з цяперашняй выставы, а таксама хатняя майстэрня Шклярава, якая стала прататыпам для экспазіцыі "Закаханы ў жыццё", і сам Фёдар Рыгоравіч у майстэрні.

Выставу можна ўбачыць у Веткаўскім музеі (што ў Ветцы).

г. Ветка, Чырвоная плошча, 5.

Штодзень з 9:00 да 18:00.

+375 (2330) 4-27-49 (замова экскурсій).

320