«Ахвяры жудаснай вайны»

Сёння, 9 снежня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў генацыду.

У верасні 2015 г. Генеральная Асамблея ААН пастанавіла абвясціць 9 снежня Міжнародным днём памяці ахвяр злачынстваў генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства. Дата была абрана ў сувязі з тым, што ў гэты дзень у 1948 годзе была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, у якой генацыд вызначаецца як «дзеянні, якія здзяйсняюцца з намерам знішчыць, цалкам ці часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу...».

З красавіка месяца ў Гудзевіцкім музеі працуе выстава “Ахвяры жудаснай вайны”, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ў перыяд з 1941 па 1945 год наша краіна ў поўнай меры сутыкнулася з гэтай з’явай. Мэта выстаўкі – на прыкладзе фондавых матэрыялаў музея (дакументы, кнігі, фотаздымкі, зброя і ваенны рыштунак) нагадаць жудасныя моманты ВАВ, асабліва маладым людзям, якія нарадзіліся ў мірны час. Паказаць, якая страшная была гэта трагедыя і для краіны, і для кожнага асобна ўзятага чалавека.

За час працы выставы на ёй пабывалі як арганізаваныя экскурсійныя групы, так і індывідуальныя наведвальнікі, як мясцовыя жыхары, так і госці гудзевіцкай зямлі. Сённяшні дзень – не выключэнне. У рамках Міжнароднага дня памяці ахвяраў генацыду вучні 8-11 класаў Гудзевіцкай СШ наведалі выставу “Ахвяры жудаснай вайны” і ўзбагацілі свае веды звесткамі пра гістарычныя падзеі – ваеннае ліхалецце, – ад якіх час з кожным годам нас аддаляе. А напрыканцы экскурсіі старшы навуковы супрацоўнік Рэйшэль Лілія Іосіфаўна заклікала маладых людзей не забываць гістарычнае мінулае нашай краіны і берагчы мір.

544