
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
ПРЭС-РЭЛІЗ
15 снежня
Навуковы і метадычны часопіс “Роднае слова” – штомесячнае беларускамоўнае выданне, якое знаёміць з актуальнымі даследаваннямі навукоўцаў краіны ў сферы гуманітарыстыкі – працягвае традыцыю альманахаў, прысвечаных вызначальным постацям беларускага прыгожага пісьменства.
Гэты тэматычны нумар ствараўся ў супольнасці з тымі аўтарамі, чые даследаванні найбольш ярка адлюстроўваюць панараму коласазнаўства ХХІ стагоддзя. Сучасныя навукоўцы з асаблівай пільнасцю ставяцца да кожнага дробнага “зернятка” лёсу пісьменніка. Аднак з такой скрупулёзнасці вырастае бачанне грандыёзнага маштабу Коласавай постаці.
Прэзентаваны альманах адметны выразнай тэматычнай тоеснасцю з нумарам “Роднага слова”, прысвечаным Янку Купалу. Прынамсі, многія аспекты і ракурсы даследчыцкіх назіранняў – мовазнаўчая дзейнасць у Інбелкульце, мінскія адрасы, гісторыя хатніх бібліятэк, гумар, партрэтнае ўвасабленне ў жывапісе, адлюстраванне творчасці ў тэатральным мастацтве і іншае –з купалаўскага перайшлі і ў коласаўскі нумар. Такая пераемнасць зусім не выпадковая. Яна падкрэслівае паплечніцтва двух творцаў і адначасова высвятляе іх індывідуальную непаўторнасць. А яшчэ выяўляе патэнцыял сучаснай гуманітарнай навукі, здольнай да творчага падыходу ў асэнсаванні айчыннай “мемарыяльнай” літаратуры.
Асобнік часопіса з аўтографамі ўсіх аўтараў будзе перададзены ў фонды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
У прэзентацыі возьме ўдзел струнны ансамбль “La-vie”.
Сардэчна запрашаем!
Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02
www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by