Дзень нараджэння Генія

9 снежня 2022 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшлі імпрэзы, прысвечаныя Дню нараджэння класіка беларускай літаратуры.

Распачалося святкаванне ўскладаннем кветак да помніка Максіму Багдановічу, каля Вялікага тэатра оперы і балета. Ва ўрачыстай імпрэзе прымалі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, пісьменнік, намеснік дырэктара канала “Культура” Беларускага радыё Навум Гальпяровіч, паэт, празаік, перакладчык Васіль Жуковіч.

Вечарам у мінскім музеі паэта прайшла прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы “КП 2022”, своеасаблівае падвядзенне фондавых вынікаў года. З прывітальным словам выступіла Вольга Дашкоўская, унучатая пляменніца Максіма Багдановіча. Загадчык сектара ўліку і захоўвання фонду М.Багдановіча Алена Кніга пазнаёміла гасцей з каштоўнымі экспанатамі, распавяла гісторыю іх паступлення ў фонды, запрасіла да актыўнага супрацоўніцтва з музеем.

Завяршыўся прыгожы вечар імпрэзай “Музыка жыцця”, удзел у якой прымалі салісты ансамбля “Класік-Авангард” Беларускай дзяржаўнай філармоніі (мастацкі кіраўнік і дырыжор – Людміла Каліноўская). Музыканты падрыхтавалі адметную праграму, у якую ўвайшлі любімыя музычныя творы Максіма Багдановіча. Гучала музыка Моцарта і Шапэна, Маснэ і Агінскага, рамансы Глінкі і Шашынай. У фінале прагучала музычная кампазіцыя Сымона Рак-Міхайлоўскага  “Зорка Венера”, немагчыма было ўтрымацца, таму зала спявала хорам:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла,

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла...

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча выказваюць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто спрычыніўся да імпрэз у гонар Паэта!

615